У Варонежы будуць судзіць беларуса, які «здзейсніў дыверсію супраць Расіі»
Яму пагражае да 20 гадоў турмы.
11.09.2024 / 13:22
Відэа затрымання беларуса. Скрыншот відэа ТАСС
У Варонежскім абласным судзе рыхтуецца да разгляду крымінальная справа, заведзеная ў дачыненні да 26-гадовага грамадзяніна Беларусі, пішуць «Моцныя навіны».
Малады мужчына абвінавачваецца ў здзяйсненні дыверсіі ў Тульскай і Варонежскай абласцях у лютым 2024 года. Дзеянні беларуса кваліфікаваныя следствам, як «падпал, накіраваны на пашкоджанне аб'ектаў транспартнай інфраструктуры ў мэтах падрыву эканамічнай бяспекі і абараназдольнасці Расійскай Федэрацыі, а таксама замах на ўчыненне дыверсіі, гэта значыць падпалу, накіраванага на пашкоджанне аб'ектаў жыццяздольнасці насельніцтва ў мэтах падрыву эканамічнай бяспекі Расійскай Федэрацыі».
Першая частка абвінавачвання тычыцца падзеі, якая адбылася ўвечары 6 лютага, калі ў Туле загарэлася цягавая электрападстанцыя АТ «Тульскія гарадскія электрасеткі». Тады абгарэлі частка сцяны і дзверы, пацярпелых не было.
Праз некалькі дзён прэс-служба ФСБ паведаміла аб затрыманні ў Варонежы грамадзяніна Беларусі 1998 года нараджэння, які нібыта здзейсніў дыверсію «па заданні ўкраінскіх спецслужбаў».
«5 лютага 2024 г. па заданні [супрацоўніка ўкраінскіх спецслужбаў] «Юрыя» фігурант прыбыў у г. Тулу, дзе вырабіў самаробную запальную прыладу і ажыццявіў падпал электрападстанцыі», — сцвярджалася ў прэс-рэлізе ФСБ.
Расійская спецслужба сцвярджала, што дыверсанту перавялі грошы і далі новае заданне — адправіцца ў Варонеж «для здзяйснення падпалаў трансфарматарнай электрападстанцыі і помпавай станцыі». Там яго і затрымалі з трыма гатовымі да ўжывання запальнымі сумесямі. Адсюль і другая частка абвінавачвання — замах на здзяйсненне дыверсіі. У мабільным тэлефоне беларуса знайшлі перапіску з куратарам.
Першае судовае пасяджэнне павінна было адбыцца 2 верасня, аднак, як паведамляюць варонежскія СМІ, разгляд справы адклалі ў сувязі з тым, што фігуранта яшчэ не этапавалі ў Варонеж з Тулы.
Беларусу пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў.