У Оршы дзеці на рыбалцы вылавілі ў рацэ стагадовую ікону з Украіны

Рыбакі зачапілі кручком скрыню, у якой ляжала праваслаўная ікона пачатку XX стагоддзя.

11.09.2024 / 12:35

У чэрвені дзеці вылавілі ў рацэ Адроў праваслаўную ікону Успення Прасвятой Багародзіцы пачатку XX стагоддзя.

Хлопцы пайшлі на рыбалку і зачапілі кручком скрыню, у якой ляжала ікона. Дзеці прынеслі знаходку бабулі, а тая аднесла ікону ў Свята-Успенскі жаночы манастыр, піша church.by.

Як ікона апынулася ў рацэ, невядома. На адваротным баку ёсць надпіс на ўкраінскай мове «Дазволена цэнзурай. Кіеў, 15 чэрвеня 1911 года».

Ёсць на малюнку і імя Яўхіма Фясенкі з Адэсы, буйнога друкара і выдаўца праваслаўнай друкаванай прадукцыі мяжы XIX-XX стагоддзяў. Абраз ужо адрэстаўравалі і выставілі ў Ільінскім храме Свята-Успенскага манастыра.

Nashaniva.com