Кавалеўскі: Што мінскі рэжым дакладна не зможа зрабіць на сёння — гэта спыніць сваю падтрымку Расіі ў вайне
Кіраўнік Агенцтва Еўраатлантычнага супрацоўніцтва прааналізаваў матывы і прычыны, а таксама тлумачыць абставіны, што на сёння не дазваляюць бакам палепшыць адносіны, піша «Радыё Свабода».
11.09.2024 / 11:48
— Можна заўважыць, што апошнія месяцы афіцыйны Менск спрабуе неяк палепшыць адносіны з Захадам. Тут варта прыгадаць і аслабленьне міграцыйнага націску, і больш мяккую рыторыку адносна Польшчы, і, безумоўна, вызваленьне палітвязьняў. Менскі рэжым, відавочна, чакае нейкіх крокаў у адказ ад Захаду. Наколькі рэалістычныя такія чаканьні? Чым у сёньняшняй геапалітычнай сытуацыі Захад можа адказаць?
— Найперш варта разабрацца, што менскі рэжым можа зрабіць для таго, каб хаця б зьмякчыць адносіны з Захадам, бо пра «нармалізацыю» гаварыць не выпадае. Найперш — працягваць вызваляць палітзьняволеных, магчыма, невялікімі групамі (адносна той колькасьці, якая застаецца за кратамі). Таксама маглі б аслабляць рэжым утрыманьня палітзьняволеных, то бок дазволіць допуск мэдыкаў, адвакатаў, большыя кантакты зь сем’ямі і гэтак далей. Усё гэта можна было б падаваць міжнароднай супольнасьці як нейкі станоўчы крок. Маўляў, мы вас пачулі і робім вось такія крокі.
Таксама могуць быць і канкрэтныя рэчы, такія як правядзеньне ў Менску міжнароднай канфэрэнцыі ў справе процідзеяньня нелегальнай міграцыі, пра якую абвесьціў міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.
Гэта парадыгма, якой карыстаецца рэжым: «Мы самі ствараем праблемы і самі ведаем, як іх вырашыць». Маўляў, калі вы, заходнікі, зацікаўленыя вырашыць гэтую праблему — прыходзьце да нас, зробім гэта разам. Так што праз стварэньне крытычных сытуацыяў улады Беларусі спрабуюць уцягваць міжнародную супольнасьць у нейкі дыялёг.
Дагэтуль гэта ня вельмі спрацоўвала, бо заходнікі ўжо навучаныя горкім досьведам «супрацы» з Лукашэнкам, разумеюць, што ўсё звычайна абарочваецца падманам.
Аднак цяпер рэжым нібыта зацікаўлены вырашыць мігранцкі крызіс — сярод іншага гэта тлумачыцца і магчымымі праблемамі з транзытам тавараў празь беларускую мяжу, найперш кітайскім транзытам у Эўропу. Менск разумее, што лепш не ствараць праблемаў Кітаю, а прыслухоўвацца да ягоных пажаданьняў.
Што менскі рэжым дакладна ня зможа зрабіць на сёньня — гэта спыніць сваю падтрымку Расеі ў вайне. Гэта па-за межамі магчымасьцяў Лукашэнкі. Тут ён цалкам залежны і можа толькі адчайна манэўраваць, каб ня быць уцягнутым у вайну яшчэ глыбей. Таму мы і назіраем цяпер такія дзіўныя падзеі вакол беларуска-ўкраінскай мяжы.
— Лукашэнка ня мае магчымасьці зьмяніць свой фактычна саўдзел у вайне на баку Расеі. На фоне гэтага хіба можа Захад хоць неяк пайсці на паляпшэньне адносінаў з Менскам? Бо большасьць санкцыяў былі ўведзеныя супраць Беларусі менавіта за вайну і за пасадку самалёта з Пратасевічам, а не за рэпрэсіі супраць беларусаў. Атрымліваецца, што Захад асабліва ня можа неяк аслабіць стаўленьне да Менску, пакуль той падтрымлівае Расею?
— Я думаю, пэўная прастора для паслабленьня канфрантацыі ўсё ж існуе. Але тут шмат будзе залежаць ад таго, ці гатовы рэжым пайсьці на больш істотныя рэчы. Напрыклад, сур’ёзна аслабіць рэпрэсіі. Спыніць іх цалкам ён наўрад ці можа, гэта стала часткай сыстэмы. Але аслабіць іх, зьнізіць колькасьць і жорсткасьць — гэта магчыма.
Таксама можна казаць пра такія крокі, як запрашэньне на выбары назіральнікаў АБСЭ ці ААН — ёсьць і такія ідэі. Рэжым, вядома, можа баяцца таго, што гэтыя місіі здольныя цалам адмоўна ацаніць адсутнасьць умоваў для нармальнага дэмакратычнага выбарчага працэсу. Але нават такія паўкрокі маглі б нейкім чынам паўплываць на пазыцыю Захаду.
Ці, напрыклад, дапусьціць у краіну супрацоўнікаў АБСЭ, якія маюць мандат назіраньня за судовымі працэсамі і сытуацыяй у турмах. Гэта таксама магло б разглядацца як станоўчы крок.
— А што максымальна дапушчальна для беларускіх уладаў у спробах ісьці насустрач Захаду? Дзе тыя «чырвоныя сьцяжкі», якіх яны ня могуць перайсці? Якая ў Менску прастора для манэўру — пры ўліку вялізнай залежнасьці ад Масквы?
— Напрыклад, на нядаўніх слуханьнях у ААН прадстаўніца Беларусі Бельская казала, што не выключае магчымасьці зьняцьця забароны на афармленьне беларускіх пашпартоў за мяжой. Гэта быў бы крок, які ўсе бакі ацанілі б станоўча. Бо сама палітыка нявыдачы пашпартоў беларускім грамадзянам за мяжой успрымаецца як рэпрэсіўны элемэнт, як спроба адпомсьціць тым людзям, якія выехалі зь Беларусі і неляяльныя да рэжыму.
Насамрэч інструмэнтарый у рэжыму даволі абмежаваны. І калі такія станоўчыя крокі, як вызваленьне палітзьняволеных, ня будуць падтрымлівацца спыненьнем ці аслабленьнем рэпрэсіў, то гэта фактычна абнуляе магчымасьці рэжыму ўплываць на стаўленьне Захаду.
— Калі паспрабаваць прааналізаваць лёгіку паводзінаў рэжыму, то чаму ён увогуле пачаў нейкія крокі насустрач Захаду, навошта гэта трэба Менску? Бо зразумела, што магчымая нармалізацыя адносінаў з Захадам ня можа дасягнуць рэальнай раўнавагі, узроўню 2015—2019 гадоў.
— Я думаю, тут дзьве асноўныя прычыны. Першая — гэта жаданьне Лукашэнкі захаваць уладу пасьля 2025 году. Бо ён хацеў бы дамагчыся нейкіх мяккіх формаў непрызнаньня. То бок, ніхто ня спадзяецца, што выбары ў 2025-м будуць прызнаныя як свабодныя і дэмакратычныя, але ёсьць пэўная градацыя ў непрызнаньні выбараў. Можна катэгарычна не прызнаць, а можна сказаць, што выбары «не адпавядалі дэмакратычным стандартам». У такой ацэнкі іншыя наступствы.
Па-другое, я думаю, лукашэнкаўскія эліты моцна занепакоеныя такім станам рэчаў, калі Расея ўсё больш уцягвае Беларусь у канфрантацыю з Захадам. З тым Захадам, дзе знаходзяцца галоўныя інвэстыцыйныя, тэхналягічныя інтарэсы Беларусі. Мы належым да заходняй цывілізацыі, а нас ад яе адрываюць і пераносяць у нейкія іншыя месцы, мала прымальныя для беларусаў — Паўночную Карэю, Іран, Кітай.
І тут, я думаю, сваю ролю могуць адыграць падзеі ў Курскай вобласьці.
Тое, што на сёньня Пуцін не паказвае здольнасьці вырашыць гэты крызіс эфэктыўна і хутка. Калі ўлічыць, што ў 2020 годзе менавіта Пуцін дапамог Лукашэнку застацца пры ўладзе, то ўзьнікае пытаньне, ці здольны Пуцін сёньня прыйсьці да Лукашэнкі на дапамогу, калі ў Беларусі зноў выявяцца пратэставыя настроі. Альбо калі эліты і простыя беларусы аб’яднаюцца ў сваёй нездаволенасьці існай сытуацыяй.
Пуцін на сёньня заняты іншымі праблемамі, якія ён ня можа разруліць. І гэта ставіць пытаньне перад Лукашэнкам: а што будзе, калі сцэнар пратэстаў паўторыцца?
Гэтыя два чыньнікі — неабходнасьць захаваньня ўлады і занепакоенасьць элітаў — могуць штурхаць Лукашэнку да таго, каб ісьці на пэўныя зьмены ва ўнутрапалітычнай сытуацыі і рабіць нейкія мікракрокі, каб зьмякчыць адносіны з Захадам.