Apple павінна выплаціць Ірландыі 13 млрд еўра

Еўрапейскі суд абавязаў амерыканскую кампанію Apple выплаціць Ірландыі 13 млрд еўра нявыплачаных падаткаў. Такім чынам, канстатуе Бі-бі-сі, завяршаецца судовая цяжба, якая доўжылася восем гадоў.

11.09.2024 / 10:07

Pinterest.com

Першапачаткова, яшчэ ў 2016 годзе, Еўракамісія абвінаваціла Ірландыю ў даванні Apple незаконных падатковых ільгот. Дублін настойваў на сваёй рацыі. Але суд пагадзіўся з абвінавачваннем. Улады Ірландыі паабяцалі выканаць вынесенае судовае рашэнне.

10 верасня завяршыўся яшчэ адзін даўні судовы працэс з другой амерыканскай глабальнай кампаніяй Google. Еўрапейскі суд пастанавіў, што кампанія злоўжывае пануючым становішчам на еўрапейскім рынку і выпісаў ёй штраф у памеры 2,4 млрд еўра.

Кіраўнік антыманапольнага ведамства ЕС Маргрэтэ Вестагер назвала вынесеныя рашэнні суда »велізарнай перамогай для еўрапейскіх грамадзян і падатковай справядлівасці».

У справе Apple Еўрапейскі суд не столькі вынес новае рашэнне, колькі пацвердзіў першапачатковую пазіцыю Еўракамісіі з гэтай нагоды, выказаную яшчэ ў 2016 годзе. Ірландскія ўлады незаконна далі кампаніі падатковыя льготы. Цяпер Apple задняй датай павінна пакрыць розніцу, якая ўтварылася з 1991 па 2014 год.

Падатковыя льготы, дадзеныя ірландскімі ўладамі кампаніі Apple, былі прызнаныя незаконнымі, паколькі канкурэнты Apple, якія знаходзяцца за межамі Ірландыі, не маглі разлічваць на аналагічную фінансавую падтрымку.

Nashaniva.com