Украінскі футбаліст так хацеў гуляць у Беларусі, што нелегальна пераплыў памежную раку
Украінскі брамнік Дзяніс Шэліхаў нядаўна падпісаў кантракт з беларускім клубам «Славія-Мазыр». Гэтым зацікавіліся журналісты з украінскага выдання Sport Express, якія высветлілі, што за мяжу футбаліст выехаў незаконна. Высветліць падрабязнасці яны спрабавалі і ў самога спартсмена.
10.09.2024 / 22:45
Калаж: Sport-express.ua
Як стала вядома Sport-express.ua з дзвюх крыніц, каб змагчы гуляць у Мазыры, Дзяніс Шэліхаў нелегальна пераплыў памежную раку Цісу на захадзе краіны. Перад гэтым ён нібыта старанна рыхтаваўся да ўцёкаў з Украіны і цягам двух месяцаў хадзіў на раку трэніравацца плаваць з ластамі.
Сам футбаліст, да якога журналістам удалося датэлефанавацца, пра сваё перасячэнне мяжы гаварыць адмовіўся. Яму прапаноўвалі расказаць, як і дзе ён перасякаў мяжу легальна, калі версія пра нелегальнае перасячэнне непраўдзівая, але ён ад гэтага ўхіліўся.
Перад гэтым украінскі журналіст з ім звязваўся, прыкінуўшыся супрацоўнікам нібыта беларускага спартыўнага выдання, і Шэліхаў у адказ на пытанне, ці не баіцца ён хэйту з боку суайчыннікаў, адказаў наступнае:
«Ну, а што зробіш. Хто мяне ведае, той зразумее, а хто не ведае, то я ж не буду кожнаму казаць і распавядаць, чаму так адбылося. Пагавораць і праз тыдзень забудуць».
Дзянісу Шэліхаву 35 гадоў, ён нарадзіўся ў Херсоне. Гуляў у «Дняпры», луцкай «Валыні», а ў 2023-2024 гадах быў гульцом клуба «Вікторыя» з Сумаў. У ягонай біяграфіі раней ужо быў беларускі эпізод, бо ў 2017-2018 гадах ён гуляў у мінскім клубе «Прамень», а пасля ў «Іслачы».
Паводле ўласных слоў Шэліхава ў інтэрв'ю прэс-службы «Славія-Мазыр», тыя старыя сувязі акурат і адыгралі галоўнае значэнне ў ягоным рашэнні, нягледзячы на пікантны цяперашні момант, прыехаць завяршаць кар'еру ў Беларусь.
Крышціяну Раналду першым у гісторыі забіў 900 галоў
Беларусы перамаглі ў футбол Люксембург ВІДЭА
Макс Корж хацеў зладзіць «магутны адрыў» у Казахстане. Але ўмяшаўся футбол