У Чаркаскай вобласці крымінальны аўтарытэт выклікаў на разборкі былога абаронцу Бахмута, збіў і прымусіў выбачацца
Што паслужыла прычынай для канфлікту і што будзе далей?
10.09.2024 / 21:28
Анатоль Ганчарэнка. Фота: скрыншоты відэа з сацсетак
Як паведамляе Офіс генеральнага пракурора Украіны, пракуратура Смелянскага раёну Чаркаскай вобласці завяла крымінальную справу на мясцовага крымінальнага аўтарытэта.
Прычынай паслужыў апублікаваны ў інтэрнэце відэаролік канфлікту паміж кіроўцамі двух транспартных сродкаў. Удзельнікі разборак — мясцовы крымінальны аўтарытэт Вадзім Далаценка і ветэран баявых дзеянняў, удзельнік абароны Бахмута Анатоль Ганчарэнка.
Напярэдадні аўтамабіль Hyundai крымінальнага аўтарытэта падрэзаў машыну, у якой ехалі бацькі Ганчарэнкі, стварыўшы такім чынам аварыйную сітуацыю. Бацькі расказалі пра выпадак сыну.
Сын вырашыў разабрацца з кіроўцам Hyundai. Адшукаў аўтамабіль, але сустрэцца з кіроўцам не атрымалася. Тады Анатоль зняў з аўтамабіля рэгістрацыйны знак і звярнуўся праз сацыяльныя сеткі з просьбай дапамагчы знайсці ўладальніка.
У хуткім часе з Ганчарэнкам звязаўся Вадзім Далаценка — кіроўца Hyundai. Яны дамовіліся сустрэцца. Размова перарасла ў бойку.
На месца прыбылі паліцэйскія, якія выклікалі для Ганчарэнкі хуткую і апыталі ўдзельнікаў канфлікту. Пацярпелы адмовіўся ад шпіталізацыі і напісаў заяву, у якой прасіў не праводзіць далейшых юрыдычных дзеянняў і спыніць разгляд справы.
Відэа канфлікту пазней з'явілася ў інтэрнэце. На ім відаць, як Далаценка двойчы б'е Ганчарэнку, а затым прымушае яго выбачыцца за тое, што вайсковец нібыта зняважыў яго на ўвесь горад.
Пасля інцыдэнту Ганчарэнка запісаў відэа з прабачэннямі і заявіў, што ў выпадку на дарозе вінаватыя яго бацькі. На твары мужчыны відаць сляды пабояў.
Вадзім Далаценка. Фота: uniannet / Telagram
Далаценку называюць мясцовым паўкрымінальным аўтарытэтам. Ён некалькі разоў станавіўся фігурантам крымінальных справаў за нанясенне цялесных пашкоджанняў ці рабаванні.
У сакавіку 2024 года мужчына атрымаў год зняволення па справе аб рабаванні. Але пакаранне пазней было заменена на ўмоўны тэрмін.
Як паведамляюць мясцовыя СМІ, пазней з Ганчарэнкам сустрэліся паліцэйскія, пасля размовы з якімі ён пагадзіўся напісаць заяву аб нанясенні яму цялесных пашкоджанняў.
Справа набыла грамадскі рэзананс. Яе разглядалі на пасяджэнні мэрыі горада. А пасля звароту дэпутата Украіны Сяргея Рудніка да міністра ўнутраных спраў справу ўзялі пад асабісты кантроль міністра і генеральнага пракурора.
Вадзіма Далаценку абвясцілі ў вышук.
У баранавіцкім двары чалавека забілі на вачах жыхароў дома
Кіроўцу-бяспраўніка вылічылі ў Мінску па камеры відэаназірання