Apple прэзентавала лінію новых айфонаў са штучным інтэлектам

Кампанія Apple у панядзелак паказала новае пакаленне айфонаў з убудаванымі тэхналогіямі генератыўнага штучнага інтэлекту ў спробе павялічыць продажы сваіх прылад і паказаць, што яна не адстае ад канкурэнтаў у тэхналагічнай гонцы.

10.09.2024 / 08:54

apple.com

На штогадовай восеньскай прэзентацыі ў сваёй каліфарнійскай штаб-кватэры Apple паказала лінію новых iPhone 16 і 16Pro, а таксама абноўленыя мадэлі разумных гадзіннікаў Apple Watch і навушнікаў AirPods, піша Бі-бі-сі.

Кампанія заявіла, што яе новыя смартфоны, якія аснашчаныя даўгавечнымі акумулятарамі і больш магутнымі чыпамі, сталі першымі прыладамі, распрацаванымі спецыяльна для працы са штучным інтэлектам і наборам функцый Apple Intelligence, які быў прадстаўлены на канферэнцыі распрацоўшчыкаў у чэрвені.

Генеральны дырэктар кампаніі Apple, Цім Кук сказаў, што абнаўлення «пашырыць межы таго, што смартфон можа зрабіць».

«Мы рады прадставіць першыя iPhone, распрацаваныя з нуля для Apple Intelligence і яго прарыўных магчымасцяў», — сказаў ён.

Продажы iPhone — асноўнага прадукту Apple, на які прыпадаюць каля паловы ўсіх продажаў, — замарудзіліся ў апошнія месяцы. Кампанія ўскладае вялікія надзеі на новыя смартфоны.

Пры гэтым тэхналогіі Apple Intelligence будуць даступныя ў версіі аперацыйнай сістэмы iOS 18.1, якая выйдзе ў кастрычніку, і пакуль толькі на англійскай мове. Іншыя мовы з'явяцца пазней.

Старт продажаў новых айфонаў запланаваны на 20 верасня.

У панядзелак былі прадстаўлены новыя разумныя гадзіннікі Apple Watch Series 10 і Ultra 2, а таксама навушнікі AirPods 4 і абноўленыя AirPods Max.

Кампанія заявіла, што праверсію AirPods можна будзе выкарыстоўваць у якасці слыхавога апарату людзям з лёгкай або ўмеранай стратай слыху.

Гэтая функцыя чакае адабрэння адпаведных органаў і стане даступная восенню больш чым у 100 краінах.

Nashaniva.com