Намесніцу кіраўніка Талачынскага райвыканкама судзяць за хабар. Пагражае да 15 гадоў
Раней Іна Галубкова таксама ўзначальвала праўладны саюз жанчынаў на Талачыншчыне і хваліла кожнае пасланне Лукашэнкі. А затрымалі яе проста ва ўласным кабінеце за 3000 рублёў хабару.
10.09.2024 / 07:00
Іна Галубкова ў студзені 2024. Фота з сайта Талачынскага райвыканкама
Іне Галубковай 52 гады. Яна была намесніцай кіраўніка Талачынскага райвыканкама больш за 10 гадоў.
У 2018 годзе яе прызначылі раённым дэпутатам па Талачыншчыне. Праўда, акрамя яе, на выбарчым участку не было ахвочых кандыдатаў.
Таксама Галубкова ўзначальвала праўладны Беларускі саюз жанчынаў у Талачынскім раёне. У 2021-м яе дасылалі на Усебеларускі народны сход. Праводзіла яна і дыялогавыя пляцоўкі, дзе хваліла дзеючую ўладу і мудрасць Лукашэнкі.
А ў 2023-м Галубкова так каментавала яго выступ: «Пасланне Кіраўніка нашай дзяржавы зрабіла незабыўнае ўражанне. Тыя акцэнты, якія ён расставіў у сваім шчырым і яскравым выступе, у чарговы раз пацвярджаюць, што беларускі лідар дакладна разумее, якія кірункі развіцця краіны патрабуюць удасканалення».
Іна Галубкова ў 2011 годзе. Фота: «Мой Мір»
Апошні раз Галубкова была заўважаная ў медыя ў студзені 2024 года. А сведчанні пра яе затрыманне з'явіліся ў пачатку лютага. Тады канал «Чуткі Віцебска» паведамляў, што яе «вывелі з кабінета ў кайданках». Па звестках канала «Віцебск, я гуляю», чыноўніцу судзяць за хабар памерам 3000 рублёў.
Іну Галубкову пачалі судзіць 22 жніўня 2024 года і яшчэ не вынеслі прысуд. Яе вінавацяць па двух артыкулах — «атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры або асобай, якая займае адказнае становішча» (ч. 3 арт. 430 КК) і «перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў» (ч. 3 арт. 426 КК). Чыноўніцы пагражае ад 5 да 15 гадоў калоніі.
Двух віцебскіх чыноўнікаў будуць судзіць адначасова за абразу Лукашэнкі і хабар