На матацыкле, які «Дынама-Брэст» некалі падарыў Дыега Марадоне, ужо два гады ездзіць беларускі калекцыянер

У сакавіку 2019 года, калі футбольны клуб «Дынама-Брэст» быў багатым, а валодаў ім набліжаны да Лукашэнкі бізнэсмен Аляксандр Зайцаў, ганаровым прэзідэнтам клуба стаў легендарны аргенцінскі футбаліст Дыега Марадона. На адкрыцці футбольнага сезона тады прэзентавалі цюнінгаваны матацыкл El Diego, які збіраліся падарыць асабіста Марадону пры яго наступным візіце ў Брэст. Але больш да Беларусі Марадона так і не даехаў, а праз год памёр. Што з тым матацыклам цяпер, расказвае BG.Media.

09.09.2024 / 16:49

Дыега Марадона быў у Беларусі і ў Брэсце ўсяго адзін раз — у ліпені 2018 года, адразу пасля чэмпіянату свету па футболе ў Расіі. Яшчэ да візіту яго прызначылі старшынёй праўлення клуба. Потым яго цярпліва чакалі ў Брэсце, але так і не дачакаліся.

Пра падораны матацыкл аргенцінская легенда футбола ведаў, але ні разу не бачыў яго на свае вочы.

Марадона памёр 25 лістапада 2020 года ва ўзросце 60 гадоў. Пасля гэтага пра лёс унікальнага і дарагога матацыкла нічога не было вядома. Але на днях партал av.by пагутарыў з новым уладальнікам — калекцыянерам і музыкам Алегам Арловым. Аказалася, што ён купіў яго ў жніўні 2022 года. 

Дыега Марадона ў Брэсце. 17 ліпеня 2018 года

Калі ўпершыню прэзентавалі матацыкл El Diego

Байк, які атрымаў імя El Diego («Я — Дыега»), прыдумала і амаль цалкам зрабіла майстэрня Shifcustom вядомага беларускага кастамайзера Юрыя Шыфа. Яна спецыялізуецца на пабудове матацыклаў па індывідуальных праектах. Матацыкл стваралі амаль год.

Матацыкл Дыега Марадоны

За аснову быў узяты Harley-Davidson Fat Bob 2018 года выпуску, які на той момант каштаваў каля 20 тысяч долараў.

«Перапрацоўка» — таксама нятаннае задавальненне. Кастамайзінг можа цягнуць і на 30-40 даляраў тысяч, пісала Tribuna.com у красавіку 2019 года.

Матацыкл Дыега Марадоны

Юрый Шыф не раскрыў кошт матацыкла. Затое расказаў, што кіраўніцтва «Дынама-Брэст» звярнулася да яго адразу пасля прыезду Марадоны ў Брэст. Гэта была асабістая ініцыятыва Аляксандра Зайцава, які любіць матацыклы.

Пасля прэзентацыі El Diego ў клубе абмяркоўвалі, ці адпраўляць яго Дыега Марадоне ў Аргенціну. У выніку вырашылі пакінуць яго ў Мінску, пакуль легендарны футбаліст сам не забярэ яго.

Матацыкл Дыега Марадоны

Матацыкл падарылі Марадоне ў жніўні 2019 года

Матацыкл прэзентавалі берасцейцам на адкрыцці сезона ў сакавіку 2019 года, а падарылі яго Марадоне чамусьці ў жніўні — з нагоды паспяховай аперацыі на калене легенды зборнай Аргенціны. Пра гэта іспанскаму выданню Marca паведаміў адвакат Маціяс Морла, які прадстаўляе інтарэсы Марадоны.

«На гэтым тыдні я размаўляў з прадстаўнікамі «Дынама-Брэст» — клуба, дзе Дыега з'яўляецца ганаровым прэзідэнтам. Яны ўважліва сочаць за жыццём Дыега — настолькі, што падарылі яму матацыкл Harley Davidson з нагоды аперацыі», — прыводзіла словы адваката выданне.

Матацыкл Дыега Марадоны

Маціяс Морла сказаў, што Марадона мае намер прыехаць у Беларусь, аднак ніякай канкрэтнай даты не агучыў. Адвакат адзначыў, што за той кароткі час, што футбаліст правёў у Брэсце, «ён адчуваў вялікую любоў».

Матацыкл Дыега Марадоны

У жніўні 2019 года інтэрв'ю ў стваральніка матацыкла Юрыя Шыфа ўзяло агенцтва «Мінск-Навіны». Ён расказаў, што ўладальнікі «Дынама-Брэст» паставілі Марадоне ўмову:

«Ён павінен прыехаць асабіста па яго ў Беларусь. Таму будзем чакаць яго прыезду. А пакуль байк у мяне на захоўванні ў майстэрні».

Матацыкл Дыега Марадоны

Але Дыега Марадона так і не дабраўся да Беларусі, ён памёр 25 лістапада 2020 года. Тым часам Аляксандр Зайцаў абмяняў «Дынама-Брэст» на «Рух». З 2021 года ўладальнікам «Дынама-Брэст» з'яўляецца Брэсцкі аблвыканкам. А «Рух» і Аляксандр Зайцаў зніклі пасля пачатку вайны ва Украіне ў лютым 2022 года.

Матацыкл Дыега Марадоны

Як тлумачылі потым у «Дынама-Брэст», Дыега Марадона не прыехаў у Беларусь другі раз, таму што не змог задаволіць тут свае трэнерскія амбіцыі. Ён хацеў трэніраваць каманду, а брэсцкі клуб прапаноўваў яму толькі прадстаўнічую ролю. Марадона з ёй унутрана не пагадзіўся. Таму, атрымаўшы прапанову ад мексіканскага «Дарадаса» ў верасні 2018 года, ён яго прыняў. А менш чым праз год пайшоў з каманды па стане здароўя.

Матацыкл Дыега Марадоны

Цяпер матацыкл належыць калекцыянеру і музыку Алегу Арлову

Днямі партал av.by расказаў, як адзіны ў свеце матацыкл, зроблены для Дыега Марадоны, у выніку апынуўся ў гаражы мастака, рэстаўратара, калекцыянера і музыкі Алега Арлова.

Алег Арлоў цяпер валодае матацыклам Дыега Марадоны

«Тэхніку, якой я валодаю, таксама можна назваць калекцыяй. На гэты момант у гаражы стаяць пяць матацыклаў і два аўтамабілі. Абсалютна да кожнай мадэлі я маю далікатныя пачуцці. І магу запэўніць, што гэтая калекцыя — не для продажу. Яна будзе са мной побач усё жыццё», — расказаў калекцыянер.

Алег Арлоў цяпер валодае матацыклам Дыега Марадоны

Паводле яго слоў, матацыкл El Diego ён набыў у жніўні 2022 года. Лёс склаўся такім чынам, што да атрымання свайго падарунка знакаміты футбаліст не дажыў літаральна тыдзень.

Матацыкл Дыега Марадоны

Алег Арлоў адмовіўся назваць суму, за якую купіў «Эль Дыега»:

«Дакладную суму я вам не скажу, бо гэты асобнік аўкцыённы. Магу сцвярджаць: адзіны ў свеце легендарны матацыкл каштуе як новы і вельмі дарагі аўтамабіль. Але ў той жа час для мяне ён неацэнны, бо гэта гісторыя, і не толькі нашай краіны… Прадаваць яго я не збіраюся, ён будзе дажываць свой век са мной.

Калі ствараўся байк, сам Марадона пару разоў прыязджаў у Мінск [гэта няпраўда, Марадона быў у Беларусі ўсяго адзін раз]. У мяне нават ёсць мяч з аўтографам гэтага таленавітага футбаліста».

Алег Арлоў цяпер валодае матацыклам Дыега Марадоны

Чаму матацыкл для Марадоны выглядае менавіта так

El Diego зроблены на базе Harley-Davidson Fat Bob 2018 года выпуску з рэгуляванай задняй падвескай. «Фэт Боб» абсталяваны V-падобным рухавіком Milwaukee-Eight 107 з рабочым аб'ёмам 1 753 см3 (86 к.с., 145 Нм). Вядома, што двухцыліндравы матор з чатырохклапаннымі галоўкамі валодае вельмі добрай дынамікай разгону і высокай цягай.

Матацыкл Дыега Марадоны

Па словах Алега Арлова, ён праехаў на байку каля 5 000 км. Ён запраўляе яго бензінам АІ-95, калі загараецца «рэзерв». У бак змяшчаецца 12 літраў — адпаведна, ёмістасць бака дзесьці 14-15 літраў. Поўнай запраўкі хапае амаль на 300 км.

Матацыкл Дыега Марадоны

Першапачаткова дызайн трымаўся ў сакрэце, нават механікі не ведалі, як павінен выглядаць канчатковы прадукт. Ад ранейшага матацыкла засталіся рухавік і рама — усё астатняе зроблена з нуля. Механікам прыйшлося перапрацаваць яго інжынерыю, абедзве падвескі, хадавую частку і архітэктуру. Яны спраектавалі ўнікальныя падвескі, вырабілі новыя кузаўныя дэталі і выкарысталі свежыя графічныя і колерныя рашэнні.

Матацыкл Дыега Марадоны

Непаўторнасць матацыклу надаюць эксклюзіўныя дэталі і кампаненты, смелыя падыходы. Нетрывіяльныя рысы байк набыў менавіта дзякуючы колернай гаме футбольнай формы каманды Аргенціны таго часу.

Матацыкл Дыега Марадоны

Элементы аргенцінскага сцяга і індывідуальныя якасці гульца — усё гэта сабрана ў лаканічным дызайне.

Матацыкл для Марадоны выкананы ў чорна-залатым колеры. Ззаду яго ўпрыгожвае доўгі чырвоны ліхтар, а пярэдняя фара выканана ў выглядзе лічбы 10. Каўпакі пярэдняга кола ўяўляюць сабой «Залаты мяч», які аргентынец атрымаў у 1986 годзе.

Матацыкл Дыега Марадоны

«Той самы «Залаты мяч» на пярэднім коле — сімвал футбольнай гульні, выдатнага футбаліста. Пры распрацоўцы канцэпцыі дызайну мелася на ўвазе, што Дыега Марадона падчас язды будзе «весці» мяч перад сабой. Звычайна ён рабіў гэта на полі, цяпер жа — на трасе. Але, на жаль, ажыццявіць задуманае не ўдалося…», — піша партал av.by.

Матацыкл Дыега Марадоны

Матацыкл Дыега Марадоны

Матацыкл Дыега Марадоны

Матацыкл Дыега Марадоны цяпер належыць Алегу Арлову

Італьянскі суд канчаткова апраўдаў Дыега Марадону

Мяч, які кранула рука Марадоны ў 1986 годзе, прадалі за рэкордныя 2,4 мільёна даляраў

У Мінску прадаюць заплечнік з аўтографам Дыега Марадоны

У віцебскім касцёле намалявалі Дыега Марадону, якому мые ногі Папа

СМІ: Марадона за тыдзень да смерці ўдарыўся галавой, але ў бальніцу яго не адвезлі

Nashaniva.com