УСУ ўпершыню збілі расійскі «Арлан» на велізарнай вышыні
«Арлан-10» — вельмі небяспечны беспілотнік.
09.09.2024 / 14:35
Зенітчыкі 3-й асобнай танкавай жалезнай брыгады УСУ ўпершыню збілі на велізарнай вышыні расійскі беспілотнік «Арлан» у нябеснай дуэлі і нават паказалі відэа, піша УНІАН.
«Ад гэтай навіны захоплівае дух. Жалезная брыгада ўпершыню збіла вышынны расійскі беспілотнік у нябеснай дуэлі! Гэта адбылося 7 верасня над Харкаўшчынай. Як толькі засеклі варожы БПЛА «Арлан-10», у зададзены раён памчалася група «Крумкач» зенітнага ракетна-артылерыйскага дывізіёна», — распавялі вайскоўцы.
Гаворыцца, што ва ўзаемадзеянні з пабрацімамі-пагранічнікамі танкісты вызначылі курс і вышыню цэлі. На месцы адзін воін падрыхтаваў тэхніку да працы, затым уступілі ў дзеянне яшчэ двое членаў экіпажу паляўнічых на разведвальныя «крылы» акупацыйных войскаў.
Яны распавялі, што паляванне было звышскладаным. Па-першае, вышыня — больш за тры кіламетры, па-другое, «Арлан» увесь час мяняў напрамак і вышыню.
«Але дзякуючы майстэрству і зладжаным дзеянням групы «Крумкач», беспілотнік-разведчык дагналі на вышыні 3620 метраў і знішчылі», — гаворыцца ў паведамленні.
***
«Арлан-10» — вельмі небяспечны беспілотнік. Ён можа праляцець 600 кіламетраў, падняцца на 5 кіламетраў, а радыус яго дзеяння — 120 кіламетраў.
Дрон выяўляе мэты і карэктуе агонь, перахоплівае радыёперамовы, блакуе мабільную сувязь, «ламае» сігнал GPS, скідае боепрыпасы з малой вышыні і да таго падобнае.