Пратасевічу адмянілі гіганцкі штраф, і ён паляцеў на адпачынак у Дубай

Блогер выйшаў у стрым са спякотнага Дубая.

09.09.2024 / 13:40

Скрыншот відэа

Раман Пратасевіч сёння пахваліўся, што паляцеў у Дубай і што яму ўжо не трэба выплачваць гіганцкі штраф. Нагадаем, што суд пастанавіў спагнаць з Рамана Пратасевіча, Яна Рудзіка і Сцяпана Пуцілы штраф 24,5 млн рублёў. Але Раман сцвярджае, што нейкі час таму падаў апеляцыю, і штраф адмянілі.

«Я падаў апеляцыю, і мне скасавалі гэты штраф. Усё сумленна, усё законна. Гэта была афіцыйная працэдура. Была апеляцыя, былі асобныя судовыя паседжанні. Я прывёў, як аказалася, дастатковую колькасць аргументаў для таго, каб гэты велізарны, я б нават сказаў астранамічны, штраф адмянілі», — адзначыў Пратасевіч.

Пратасевіч аргументаваў сваю пазіцыю ў тым ліку тым, што не павінен несці адказнасць у адзіночку ва ўмовах, калі Пуціла і Рудзік знаходзяцца за мяжой.

@nashanivanews Пратасевіч пакінуў Беларусь #беларусь #минск #протасевич #отдых #политики #политзаключенный #милициябеларусь #белорусы ♬ Paris - 3Hzwave

Аднак ён аплаціў падаткавай тры тысячы рублёў. Пра гэта ён паведаміў у стрыме.

Абмежаванняў на выезд у яго цяпер няма.

У Дубай Пратасевіч паляцеў з жонкай.

Ён таксама дадаў, што электразваршчыкам працуе ўжо тры месяцы.

Nashaniva.com