Артыкул пра халаднік у амерыканскім СМІ перасварыў літоўцаў і палякаў. Да дыскусіі далучыліся і беларусы

Каму належыць «Chłodnik Litewski»?

09.09.2024 / 11:17

«Ідэальная страва для разгару лета, калі не хочацца гатаваць гарачыя стравы, а свежых прадуктаў хоць заваліся, гэта chłodnik litewski, мабыць, самы вядомы з польскіх халодных супаў. Chłodnik litewski перакладаецца як літоўскі халодны суп і адлюстроўвае час, калі Польшча і Літва знаходзіліся пад уладай адной дынастыі, пачынаючы з канца XIV стагоддзя, перыяд, у які польская кухня была пад уплывам літоўскай кухні і наадварот»,

— так пачынаецца артыкул у The New York Times за 20 жніўня гэтага года.

Непасрэдна на сайце газеты пад ім некалькі каментароў, якія ўтрымліваюць парады, як лепш гэтую страву прыгатаваць. А вось спасылка на артыкул, якая з'явілася на старонцы выдання ў фэйсбуку некалькі дзён таму, выклікала бурную дыскусію і сабрала за два дні амаль 1700 каментарыяў.

Большасць чытачоў не бачылі сам артыкул з тлумачэннем пераемнасці кулінарных традыцый і агульнай гісторыі сучаснай Літвы і Польшчы.

Таму шмат хто з каментатараў звяртаюць увагу, што «chłodnik litewski» — гэта літоўская нацыянальная страва.

Чытач-беларус Вадзімір Заранкін паспрабаваў прымірыць бакі, удакладняючы, што «Літва» ў старажытнасці і сённяшняя Літва — дзве вялікія розніцы:

«Я не разумею, у чым праблема ў некаторых каментатараў з «chłodnik litewski». У артыкуле апісваецца польскі халодны суп, і згадка Літвы ў назве не азначае, што гэта не частка польскай кухні. Назва мае гістарычныя карані, і паняцце «Літва» ў той час, калі гэтая страва атрымала сваю назву, была зусім іншай, чым сёння.

Акрамя таго, для даведкі, халодныя бураковыя супы з'яўляюцца неад'емнай часткай многіх мясцовых кухняў у гэтым рэгіёне. У Літве, напрыклад, есць смачны šaltibarščiai»

Але гэта выклікала больш катэгарычны адказ:

«Праблема, як паказалі іншыя, палягае ў тым, што нават назва кажа пра тое, што гэтая страва не польскага паходжання. Літве прыйшлося саступаць Польшчы ў многіх адносінах на працягу стагоддзяў. Няўжо мы не можам мець тое, што належыць нам? На мой погляд, як даследчыка і рэдактара, з боку The New York Times было ляніва і няшчыра не падкрэсліць краіну паходжання. Можна было б згадаць польскую страву (і іншыя краіны, якія яе прынялі)».

Заўважым, што сярод каментатараў ёсць людзі, якія спрабуюць давесці, што халаднік — традыцыйная страва рэгіянальнай кухні. У тым ліку і беларускай.

Чарговы трыумф халадніка. Гісторыя і рэцэпты самай летняй стравы

Ёгуртны ці кефірны халаднік з агуркамі — з балгарскімі ноткамі

Беларускі халаднік трапіў у топ найлепшых халодных супоў свету, абагнаўшы расійскую акрошку

Расійскі блогер папрасіў па прыколе падагрэць яму халаднік у Мінск

Антось Жупран