«Я ў адчаі». Беларус, якому Літва не аддае куплены аўтамабіль, пачаў галадоўку ў Клайпедзе

Рыгор Алексіевіч упэўнены, што мытня суседняй краіны незаконна забараняе вывезці ягоную машыну ў Беларусь.

09.09.2024 / 09:39

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Як стала вядома «Белсату», мужчына, які знаходзіцца ў Клайпедзе, абвесціў галадоўку 8 верасня. Рыгор Алексіевіч плануе трываць столькі, «колькі хопіць сілаў». Грамадзянін Беларусі называе гэта акцыяй супраць блакавання ў Літве машын, за якія беларусы заплацілі, але вывезці ў нашую краіну не могуць.

«Гэтыя аўтамабілі, бальшыня з іх, і мой таксама, былі купленыя да ўвядзення санкцыяў супраць Беларусі, а менавіта — 1 ліпеня 2024 года. Тое, што нашыя машыны затрыманыя, лічу абуральным беззаконнем. Я адчаяўся знайсці развязанне сітуацыі, я пабываў у ва ўсіх інстанцыях, і адзіным выйсцем бачу галадоўку пратэсту», — кажа ён. 

@belarusnovosti Литва не отдает белорусу машину #авто #литва #беларусь #беларусьновости #растаможка #минсксейчас #продажаавто ♬ DESTRUCTION - SCXR SOUL & NONTHENSE

Алексіевіч запэўніў, што будзе галадаць максімальна доўга, колькі хопіць сілаў. 

Беларус таксама заклікаў да разумення «нашых літоўскіх братоў і сясцёр» і заявіў, што «такая палітыка губіць давер да Літвы».

«У клайпедскі порт канчаткова перастануць прыходзіць грузы, порт прыходзіць у заняпад, людзі страчваюць працоўныя месцы. Калі ласка, вазьміце актыўны ўдзел у нашай акцыі, мы вельмі спадзяемся на вашае разуменне і падтрыманне», — заклікае Рыгор Алексіевіч.

Літва абмежавала вываз аўтамабіляў у Беларусь, спасылаючыся на санкцыі, і стала патрабаваць багата розных дакументаў, у тым ліку дэкларацыю вытворцы, якая мае пацвердзіць, што вытворца ведае канцавога пакупніка ў трэцяй краіне, што пакупнік не будзе парушаць санкцыяў і што агулам пастаўкаю машыны санкцыі не будуць парушаныя.

Праблемы ўзніклі і з ужыванымі аўто са значнымі дэфектамі. Такія машыны набываюць збольшага на аўкцыёнах у ЗША дзеля наступнага рамонту і асабістага выкарыстання. І дэкларацыю вытворцы на гэтыя аўтамабілі атрымаць немагчыма.

Паводле неафіцыйных звестак, у порце ў Клайпедзе захраслі блізу 4 тысячаў машынаў, што належаць беларусам. Транспартавыя сродкі стаяць на платнай паркоўцы, за захаванне патрабуюць да 20 еўраў штодня.

Галоўная прэтэнзія беларусаў да ўладаў Літвы — немагчымасць забраць машыны, купленыя да ўхвалення новых правілаў. Была створаная петыцыя на адрас прэзідэнта суседняй краіны, зварот падпісалі больш за тысячу асобаў. Аўтары просяць дазволіць забраць аўтамабілі, адзначаючы, што «разумеюць мэтазгоднасць санкцыяў».

«Заблакавана больш за 4000 аўтамабіляў». Што беларусы робяць з машынамі, якія захраслі ў Клайпедзе

Стала вядома, колькі машын з ЗША, што замовілі беларусы да санкцый, захраслі ў порце Клайпеды

«Расейцы выграблі ўсе вісякі». Што адбываецца на аўтамабільным рынку Беларусі пасля ўвядзення новых санкцый

Nashaniva.com