Галоўную ўзнагароду Венецыянскага кінафестывалю атрымаў фільм «Суседні пакой»
Агучаны пераможцы 81-га Венецыянскага кінафестывалю.
07.09.2024 / 22:18
Кадр з фільма «Суседні пакой»
Галоўны прыз Венецыянскага фестывалю атрымаў фільм «Суседні пакой» Педра Альмадовара.
Фільм расказвае пра ваенную журналістку Марту (яе грае Цільда Суітан) і яе сяброўку пісьменніцу Інгрыд (у гэтай ролі Джуліяна Мур). Марта смяротна хворая на рак, адмаўляецца ад далейшай тэрапіі і купляе сабе таблетку для эўтаназіі. Даць яе ёй павінна Інгрыд. Яны едуць у дом пад Нью-Ёркам, каб правесці там апошні час.
У аснову фільма пакладзены амерыканскі раман Сігрыд Нуньес «Што з табой адбываецца».
Іншыя пераможцы фестывалю ў асноўных намінацыях:
- «Срэбны леў» (вялікі прыз журы) — «Вермільё» Маўры Дэльпера;
- «Срэбны леў» за найлепшую рэжысуру — Брэдзі Корбет («Бруталіст»)
- найлепшая актрыса — Ніколь Кідман (за ролю ў фільме «Дрэнная дзяўчынка»);
- найлепшы акцёр — Венсан Ліндан («Ціхі сын»);
- найлепшы сцэнар — Мурыла Хаўзер, Эйтар Ларэга («Я ўсё яшчэ тут»);
- спецыяльны прыз журы — «Красавік» Дэі Кулумбегашвілі;
- Прэмія імя Марчэла Мастраяні найлепшаму акцёру-пачаткоўцу — Поль Кіршэр («І дзеці пасля іх»).