У Польшчы накрылі падпольную тытунёвую фабрыку, дзе працавалі беларусы
Цыгарэты на ёй фасавалі ў скрынкі з-пад піцы.
06.09.2024 / 12:31
Фота: Straż graniczna.pl
У Мазавецкім ваяводстве Польшчы накрылі падпольную фабрыку па вытворчасці цыгарэт. У прыватных дамах перапрацоўвалі тоны тытуню, а гатовыя вырабы фасавалі ў скрынкі, якія звычайна выкарыстоўваюць для піцы — па 4 тысячы штук у кожную. На фабрыцы працавалі і беларусы, іх таксама затрымалі, піша Most.
Агулам выявілі 3,8 млн нелегальна вырабленых цыгарэт і 13,4 тоны тытуню. Кошт знойдзеных вырабаў праваахоўнікі ацэньваюць у 14 млн злотых (3 млн еўра), а тэхналагічнага абсталявання — у 1 млн злотых.
Сілавікі канфіскавалі ў злачынцаў пяць транспартных сродкаў, мабільныя тэлефоны і камунікацыйную апаратуру, 134 тысяч злотых і 1020 еўра наяўнымі, а таксама біжутэрыю на 40 тыс. злотых.
У ходзе аперацыі ўдалося затрымаць семярых выканаўцаў, якія былі звязаны з падпольнай вытворчасцю, у тым ліку чацвярых беларусаў. Суд пастанавіў заключыць іх пад варту на час следства.