Какава-боб істотна падаражэў. Ці ўзляцяць цэны на беларускія шакаладкі?

Намеснік старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Аляксандр Кіжук расказаў, што летась какава-боб падаражэў на 60—70%, а з пачатку 2024-га — яшчэ на 150—160%.

06.09.2024 / 10:59

«У красавіку цэны дасягнулі гістарычнага максімуму, перавысіўшы адзнаку 10 тысяч фунтаў стэрлінгаў (больш за 41,6 тысячы рублёў) за 1 тону і больш чым у два разы пабіўшы папярэдні рэкорд 1977 года», — прыводзіць словы прадстаўніка канцэрна Sputnik.

З 1 ліпеня цана на какава-боб знізілася да 7 395 фунтаў (30,8 тысячы рублёў) за тону, а на 1 жніўня — да 6004 фунтаў (25 тысяч рублёў). Калі параўноўваць гэтыя сумы з коштам, які быў у студзені гэтага года (3560 фунтаў, або блізу 14,8 тысячы рублёў), то сыравіна ўсё яшчэ даволі дарагая.

Гэта не можа не закрануць беларускіх вытворцаў шакаладу, бо ў сабекошце прадукцыі какава-боб займае да 50%. Аднак, кажуць у «Белдзяржхарчпраме», айчынныя шакаладкі істотна не падаражэюць.

«Асноўная фінансавая нагрузка ляжа на нашы кандытарскія прадпрыемствы, прыбытак якіх, безумоўна, знізіцца», — сказаў Аляксандр Кіжук.

У студзені-ліпені рост цэн на цукеркі і шакаладкі ў сярэднім склаў 5,2%, хоць з-за падаражэння сыравіны мусіў вырасці на 40%.

Nashaniva.com