Польскі суд завочна арыштаваў трох беларускіх функцыянераў па справе аб рэйсе Ryanair

Акруговы суд у Варшаве завочна арыштаваў трох грамадзян Беларусі па справе аб рэйсе Ryanair Афіны — Вільня, які быў пасаджаны ў Беларусі 23 мая 2021 года пад падставай наяўнасці выбуховага прыстасавання. Тады былі затрыманыя Раман Пратасевіч і Сафія Сапега.

06.09.2024 / 08:06

Ілюстрацыйнае фота

Пастанова аб завочным арышце была прынятая 4 верасня. Яна тычыцца былога дырэктара «Белаэранавігацыі» Леаніда Чуро, начальніка змены кантролю Яўгена Цыганова, а таксама неназванага афіцэра КДБ высокага рангу, піша Reform.news.

Нацыянальнай пракуратурай прад'яўлена абвінавачанне ў акце тэрору: узяцце падманам пад кантроль самалёта Ryanair (арт. 166 КК Польшчы) і незаконнае пазбаўленне волі пасажыраў і членаў экіпажа (арт.180 КК Польшчы).

У публікацыі гаворыцца, што ўстанавіць абставіны пасадкі самалёта дапамог 42-гадовы дыспетчар, якія ўцёк у Польшчу з каштоўнымі доказамі, у тым ліку запісамі з Цэнтра кантролю за палётамі, зробленымі на тэлефон. Следства на працягу трох гадоў вяла Нацыянальная пракуратура і Агенцтва ўнутранай бяспекі.

У канцы 2021 года ў New York Times з'явіўся артыкул пра авіядыспетчара Алега Галегава, які пакінуў Беларусь і даў паказанні па справе аб самалёце Ryanair. Пасля гэтага Нацыянальная пракуратура Польшчы апублікавала прэс-рэліз, у якім гаварылася, што выяўлены непасрэдны сведка ўсіх падзей. Пракуроры тады паведамілі, што прыйшлі да высновы, што 23 мая 2021 года ў дыспетчарскай у аэрапорце «Мінск» знаходзіўся супрацоўнік КДБ Беларусі, які і прыняў рашэнне аб пасадцы самалёта ў Мінску. Паведамляецца, што ён пры гэтым быў на сувязі з яшчэ адным чалавекам, якому дакладваў аб усіх дзеяннях. У рэчаіснасці небяспека рэйсу не пагражала.

Пазней Станіслаў Жарын, які на той момант займаў пасаду прэс-сакратара міністра — каардынатара спецыяльных службаў Польшчы, апублікаваў прэзентацыю пра польскае расследаванне інцыдэнту.

Тады ў сувязі з пасадкай самалёта было названа імя кіраўніка Белаэранавігацыі Леаніда Чуро. Паводле версіі польскага боку, Чура прыйшоў у залу кантролю з супрацоўнікам спецслужбаў і пакінуў яго. Супрацоўнік спецслужбы праінфармаваў дыспетчараў, што на борце самалёта Ryanair знаходзіцца бомба і ён павінен сесці ў Мінску.

Nashaniva.com