У Беларусь за ноч заляцелі не менш за восем шахедаў. Адзін з іх збіла СПА Расіі
З васьмі шахедаў, якія заляцелі ў Беларусь уначы, як мінімум два былі збітыя, нагадвае Беларускі Гаюн.
05.09.2024 / 12:43
Мінулай ноччу ў паветраную прастору Беларусі праніклі мінімум восем шахедаў. Першая група з двух дронаў перасекла мяжу з Беларуссю каля 01:08 і рухалася курсам на Гомель. У 01:34 і 01:36 ночы па шахедах пачала працаваць СПА Расіі, збіўшы як мінімум адзін з іх — жыхары Гомеля чулі выбухі і бачылі ў небе палаючы шахед.
Аб працы расійскай СПА ўначы пісалі і афіцыйныя рэсурсы. Верагодна, па шахедах працавала падраздзяленне 1530-га зенітнага ракетнага палка УС РФ (в/ч 31458, на ўзбраенні — ЗРК С-400, ЗРПК «Панцыр«), якое дыслакуецца на аэрадроме «Зябраўка» ў Гомельскім раёне.
Вядома, што шахед упаў на цагляны будынак склада ў Гомелі па 8-м завулку Ільіча, у выніку чаго склад загарэўся.
Фота: МНС
«У выніку падзення меркавана збітага беспілотнага лятальнага апарата адбылося загаранне цаглянага будынка склада ў Гомелі па 8-м завулку Ільіча. Падраздзяленні МНС ліквідавалі пажар. Ніхто не пацярпеў. Агнём пашкоджана 5 кв. метраў даху», — гаворыцца ў паведамленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Аднак, мяркуючы па фотах, плошча пашкоджанага даху нашмат большая.
Фота: МНС
Падчас працы СПА ў Гомелі не ўключалі сірэн паветранай трывогі.
У далейшым шахеды працягнулі заходзіць у паветраную прастору Беларусі: У 02:28, 03:10, 06:47, 06:56 і 07:54. Частка шахедаў перамясцілася над тэрыторыю Украіны, іншыя ж сыходзілі ўглыб Беларусі курсамі на Мазыр, Хойнікі і Брагін.
На працягу ўсёй ночы ў небе над Гомельскай вобласцю лёталі знішчальнікі ВПС РБ з Баранавічаў і запускалі ракеты, спрабуючы збіць шахеды. Каля 02:30 над Хойніцкім раёнам былі чуваць некалькі запускаў ракет і відаць трапленне ў шахед.
З васьмі шахедаў, якія заляцелі ў Беларусь ноччу 5 верасня, 2 шахеды было збіта (над Гомельскім і Хойніцкім раёнамі), астатнія шэсць пакінулі тэрыторыю Беларусі і/або прапалі без вестак.
Расійскія сілы СПА, імаверна, упершыню працавалі па сваіх беспілотніках у беларускім небе. Акрамя таго, адзін беспілотнік справакаваў разбурэнні на зямлі на тэрыторыі Беларусі.