Для каго былі апошнія заявы Юрыя Васкрасенскага?

Тлумачыць рэдактар «Нашай Нівы».

05.09.2024 / 11:48

Нарада ў адной са структур Міністэрства ўнутраных спраў. Фота прэс-службы ведамства

У эфіры Рыгора Азаронка Юрый Васкрасенскі казаў пра вызваленне палітвязняў.

«Ідэалогія — гэта добра, але быццё вызначае свядомасць», — казаў ён.

Ён тлумачыў неабходнасць адлігі эканамічнымі патрэбамі.

«Ідэалогія — гэта добра, але быццё вызначае свядомасць. Савецкі Саюз павалілі, менавіта нанёсшы ўдар па эканоміцы, а потым пайшло ўсё разлажэнне. 

Вядома, калі пойдзе гаворка, [каб] адпусціць яшчэ нейкую партыю [палітвязняў] узамен на адмену санкцый, мы можам разгледзець усе пытанні. Таму што нам трэба плаціць пенсіі, нам трэба ўтрымліваць парадзіх, дэкрэтніц, гадаваць дзяцей. Вядома, мы можам пайсці на абмен.

Што нам важней? Адпусціць 50 змагароў і спакойна забяспечыць напаўненне бюджэту? Ці каб яны сядзелі?»

Такім чынам, Васкрасенскі прызнаў, дарэчы, што палітвязні з’яўляюцца фактычна закладнікамі — так нацысты ў вайну бралі закладнікаў на акупаваных тэрыторыях, каб шантажаваць праціўніка, падполле. І таксама прызнаў, што гандаль палітвязнямі падпадае, фактычна, пад існы артыкул Крымінальнага кодэкса аб гандлі людзьмі.

Васкрасенскі як такі быў створаны, каб хлусіць грамадству і Захаду. Але і грамадства, і Захад мудрыя, іх цяжка падмануць, у гэтым сэнсе разумна, што яго скіравалі на апрацоўванне аўдыторыі азаронкаў і бондаравых — таго нешматлікага слою, якая падтрымлівае рэпрэсіі і радуецца ім. Вось ім Васкрасенскі і тлумачыць, для чаго спатрэбіўся разварот у паветры.

Ніякай крытычнай сітуацыі з выплатамі парадзіхам і дэкрэтніцам няма, бюджэт напоўнены — крывавыя, праўда, то грошы, атрыманыя ўзамен за абслугоўванне імперыялістычнай вайны. Але напоўнены бюджэт.

Вызваліць палітвязняў Мінску дыктуюць не непасрэдныя эканамічныя патрэбы, а сярэднетэрміновыя рызыкі. Рэпрэсіі паралізуюць творчы патэнцыял грамадства і выклікаюць эміграцыю. Між тым Масква не дабілася ва Украіне таго, што хацела. І дынаміка ўсё горшая для Расіі: ужо сам перанос тэатра ваенных дзеянняў у Курскую вобласць паказальны. Мір, заключаны Расіяй на нявыгадных для яе ўмовах, будзе азначаць для Мінска найперш зніжэнне расійскіх датацый і заказаў для ВПК. А цяпер краіна дасягнула такой ступені эканамічнай залежнасці ад Расіі і ізаляцыі ад чатырох з пяці суседзяў, якой яшчэ ніколі не было. Нікому не хочацца быць васалам, а тут і абваліцца можна. 

Таму Мінск і пачаў вызваляць палітвязняў. Але вось што важна:

  1. Мінск працягвае пастаўляць зброю Расіі для вядзення імперыялістычнай вайны.
  2. Прапаганда нянавісці захоўвае той жа маштаб, які набыла ў 2020-м. Распальванне міжнацыянальнай варожасці — у тым ліку да Украіны, народаў Захаду, не спынілася.
  3. Рэпрэсіі працягваюцца ў тым жа маштабе, які яны набылі ў 2021-м, яны нашмат большыя, чым былі ў 2020-м, не кажучы пра ранейшы перыяд, нават публічная рыторыка карных органаў не змянілася.
  4. Катаванні палітвязняў і затрыманых за палітыку не спыніліся. На Акрэсціна дзяўчаты па-ранейшаму спяць на бетоне без матрацаў, асуджаных гнаяць у СІЗА. Паліну Шарэнду мучаць тым самым спосабам, якім Алеся Пушкіна давялі да смерці. 
  5. За кратамі застаюцца Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка і ягоны сын, нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, Мікола Статкевіч, Марына Золатава і Людміла Чэкіна, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Павел Белавус. Ды што там, пералічваць можна бясконца — 98% палітвязняў застаюцца за кратамі.
  6. Людзі на хатняй хіміі фармальна не лічацца палітвязнямі, але яны таксама рэпрэсаваныя. Ніводнага з іх яшчэ не памілавалі. 
  7. Лукашысты стараюцца прынізіць у вачах беларусаў Еўрасаюз і яго краіны, паказаць іх слабымі і непаслядоўнымі, дабіўшыся зняцця санкцый без выканання ранейшых базавых патрабаванняў.

Што ж, добра, што вязні выходзяць, што дзеці будуць расці з бацькамі, але мы памятаем і пра пералічанае вышэй. 

{DONATE_PAYPAL}

Рэд.