Угандыйская спартоўка, якую падпаліў бойфрэнд, памерла ў бальніцы
Рэбека Чэптэгі некалькі дзён правяла ў рэанімацыі і памерла ад апёкаў.
05.09.2024 / 11:17
Рэбека Чэптэгі. Фота: AP Photo
Бягуха Рэбека Чэптэгі памерла праз некалькі дзён пасля таго, як яе абліў бензінам і падпаліў былы хлопец, піша Бі-бі-сі.
33-гадовая ўгандыйская марафонка, якая ўдзельнічала ў спаборніцтвах у Парыжы, атрымала шырокія апёкі пасля нядзельнага нападу.
Улады Кеніі, дзе жыла і трэніравалася Чэптэгі, паведамілі, што яна падвергнулася нападу пасля вяртання дадому з царквы. Дзяўчына і яе былы партнёр пасварыліся з-за ўчастка зямлі.
«Мы глыбока засмучаныя, паведамляючы пра смерць нашай спартоўкі Рэбекі Чэптэгі, якая сёння раніцай стала ахвярай хатняга гвалту. Як федэрацыя, мы асуджаем такія дзеянні і заклікаем да справядлівасці. Ды супакоіцца яе душа з мірам», — гаворыцца ў паведамленні федэрацыі лёгкай атлетыкі Уганды ў X.
Сям'я спартсменкі яшчэ не пацвердзіла факт яе смерці, але доктар Оўэн Менах, кіраўнік кансультацыйнага цэнтра, куды яна была шпіталізаваная, паведаміў мясцовым СМІ, што спартоўка памерла пасля адмовы ўсіх яе органаў.
Былы хлопец Чэптегі таксама быў дастаўлены ў бальніцу, але з менш сур'ёзнымі апёкамі. Ён усё яшчэ знаходзіцца ў рэанімацыі, але яго стан «паляпшаецца і застаецца стабільным», — сказаў доктар Менах.
«Было чуваць, як пара сварылася каля свайго дома. Падчас сваркі было відаць, як хлопец абліў жанчыну вадкасцю, перш чым спаліць яе», — цытуюць мясцовыя СМІ словы начальніка мясцовай паліцыі.
Рэбека з памежнага рэгіёну Уганды купіла ўчастак зямлі і пабудавала дом недалёка ад шматлікіх цэнтраў спартыўнай падрыхтоўкі ў Кеніі.
У гутарцы з журналістамі раней на гэтым тыдні, яе бацька, сказаў, што ён маліўся «аб справядлівасці для маёй дачкі», дадаўшы, што ніколі ў жыцці не бачыў такога бесчалавечнага ўчынку.
Чэптэгі фінішавала 44-й у марафоне ў Парыжы. Яна таксама выйграла золата на чэмпіянаце свету па горным бегу і трэйлранінгу (бег у прыродных умовах) у Тайландзе ў 2022 годзе.