Як трапіць з Мінска ў Варшаву па вадзе? Нялёгка, але тэарэтычна магчыма

У пачатку вясны выданне Blizko.by расказала пра парачку ўнікальных беларускіх рэк. Цікавасць чытачоў да гэтай тэмы паказала, што водны свет Беларусі — выдатная тэма, каб пазнаваць нешта новае. Таму выданне падабрала яшчэ некалькі ўнікальных рэк краіны, пра асаблівасці якіх вы, магчыма, не ведалі.

04.09.2024 / 23:13

Вісла ў Варшаве. Фота: Getty Image

Што вы ўжо ведаеце пра беларускія рэкі

Раней ужо расказвалася, што па Беларусі праходзіць водападзел, з-за чаго ўсе беларускія рэкі ў выніку аказваюцца ці ў Чорным моры, альбо ў Балтыйскім, прычым трапляюць яны туды ў асноўным пры дапамозе Нёмана, Віліі, Буга, Дзвіны і Дняпра.

Хоць з гэтай залежнасці ёсць і выключэнні.

Напрыклад, рэчка Ловаць. Яе даўжыня ў межах Беларусі ўсяго 45 кіламетраў, а шырыня ледзьве перавышае некалькі метраў або некалькі дзясяткаў метраў. Дык вось, пакінуўшы Беларусь, Ловаць цячэ далей на поўнач па Пскоўскай і затым Наўгародскай абласцях Расіі. Прайшоўшы па расійскай тэрыторыі амаль 500 кіламетраў, яна ўпадае ў велізарнае возера Ільмень. З Ільмені, у сваю чаргу, выцякае рака Волхаў, на якой стаіць Вялікі Ноўгарад. Гэтая рака цячэ далей на поўнач і ўпадае ў Ладажскае возера. З якога выцякае невялікая (наша Свіслач роўна ў 3 разы даўжэйшая), але неверагодна магутная рака пад назвай Нява. Так-так, тая самая. І заканчваецца, як мы ведаем, на беразе Фінскага заліва ў Санкт-Пецярбургу.

Іншая рака з падобным лёсам — Сінюха, якая цячэ з балота побач з Асвейскім возерам. Праз дзясятак кіламетраў яна перасякае мяжу і аказваецца ў Латвіі, дзе мяняе назву на Зілупе (што па-латышску азначае «сіні»). Папятляўшы па мяжы з Расіяй, затым аказваецца цалкам на расійскай тэрыторыі, мяняе назву на Сіняя і недалёка ад горада Востраў уліваецца ў раку Вялікая, на якой стаіць Пскоў. Рака Вялікая, у сваю чаргу, упадае ў Пскоўскае возера, адкуль ідзе пратока да Чудскага возера на мяжы Расіі і Эстоніі. З Чудскага возера выцякае рака Нарва, якая ўсю дарогу ідзе па мяжы дзвюх дзяржаў і ўпадае ў Фінскі заліў недалёка ад гарадоў Нарва і Івангорад.

Усяго на Балтыйскім моры ёсць пяць месцаў, куды можна трапіць, калі — тэарэтычна — проста сесці ў Беларусі ў лодку і ўвесь час плыць уніз па плыні.

А цяпер пяройдзем да апісання яшчэ некалькіх найцікавейшых рэк.

Склалі рэкі — склалі і назвы

Усім вядома, што Брэст стаіць адразу на дзвюх рэках: Буг (ён жа Заходні Буг, каб не блытаць яго з украінскім Паўднёвым Бугам) і Мухавец. Прычым у межах горада менавіта Мухавец, бягучы амаль строга з усходу на захад, з'яўляецца самай шырокай і працяглай ракой, з пляжамі, караблікамі, вяслярным каналам і даўжэзнымі мастамі.

Мухавец цячэ праз некалькі гарадоў Брэсцкай вобласці: акрамя самога абласнога цэнтра, гэта яшчэ Жабінка, Кобрын і Пружаны. Даўжыня ракі да ўпадзення ў Буг — 113 кіламетраў. А вось дзе яна пачынаецца?

Зробім невялікае адступленне. Ёсць такое сакрэтнае правіла ў рэках. Калі рэчка меншага памеру зліваецца з рэчкай большага — то далей гэтая сумесная рака нясе назву больш буйной з іх дваіх. Скажам, мінская Свіслач упадае ў Бярэзіну, і паколькі ў месцы зліцця Бярэзіна відавочна большая (даўжэйшая, паўнаводнейшая), — то далей цячэ ўжо аб'яднаная Бярэзіна. Якая, у сваю чаргу, упадае ў нашмат больш паўнаводны і працяглы Дняпро, з-за чаго далей на поўдзень цячэ менавіта Дняпро.

Але з гэтага правіла бываюць выключэнні. Напэўна, можна адшукаць прыклады таго, як больш дробная рачулка ўпадае ў больш буйную і далей цячэ ўсё адно пад сваім імем.

Але ў выпадку з Мухаўцам усё інакш. Тут усё падзялілі (а дакладней, склалі) пароўну. На паўночны захад ад Пружанаў, у вёсцы Новыя Засімавічы, пачынаецца невялікая рачулка Муха. Яе поўная даўжыня — 5,7 км, і на ўсім сваім працягу яна пераўтвораная ў канал: рэчышча спрамленае, усе павароты як пад транспарцір намаляваныя. Аднак гэта рака, хай і каналізаваная.

А яшчэ крыху на поўнач ад Новых Засімавічаў ляжыць вёска Ляжайка, у ваколіцах якой пачынаецца яшчэ адзін з многіх каналаў. Тут, у вярхоўях Ясельды, каналаў сотні, калі не тысячы — ніякая Венецыя і побач не стаяла. Дык вось, канал каля вёскі Ляжайка, які калісьці таксама быў звычайнай ракой, але потым трапіў пад каналізацыю, называецца Вец. Ягоная даўжыня 14 кіламетраў.

Рака Вец і рака Муха зліваюцца ў Пружанах, і паколькі Вец утрая даўжэйшы, то далей на поўдзень павінна была б цячы менавіта рака Вец. Але тут проста ўзялі і склалі і рэкі-каналы, і іх назвы: Муха+Вец = Мухавец!

Рака, якая ўпадае, а потым выпадае

У Беларусі ёсць дзве ракі, якія зліваюцца двойчы. Прычым мяняюцца іх ролі: спачатку першая ўліваецца ў другую, потым яны разыходзяцца, а потым ужо другая ўліваецца ў трэцюю, а трэцяя ў першую. Усё складана!

Прычым гэта не якія-небудзь дробныя рачулкі ў нетрах Палесся. Зусім не: гэта буйныя рэкі Піна і Прыпяць, і адбываецца гэта ўсё ў Пінску. Такім чынам, уздоўж далёка выцягнутага Пінска цячэ рака Піна — менавіта так горад і атрымаў сваё імя, па назве ракі. А прыкладна насупраць самога цэнтра горада — там, дзе цяпер парк Дняпроўскай флатыліі — пад вуглом у 45 градусаў у Піну ўліваецца Прыпяць. Але ўсяго праз дзвесце метраў, зрабіўшы 90-градусны паварот, Прыпяць выцякае з Піны назад. Змешваць, але не боўтаць!

А Піна толькі праз 12 кіламетраў упадзе ў Ясельду, якая, у сваю чаргу, яшчэ праз 22 кіламетры ўпадзе ў Прыпяць. Вось такі вось крук у 34 кіламетры праходзяць воды Піны для таго, каб паўторна сустрэцца з водамі Прыпяці.

Падобную карціну можна назіраць недалёка ад Пінска, на тэрыторыі Украіны: там амаль гэтак жа сама зліваюцца, а потым разліваюцца рэкі Прыпяць і Стаход.

Рака, якая цячэ па Беларусі двойчы

У Беларусі ёсць некалькі рэк, якія цякуць па тэрыторыі нашай краіны двойчы. Яны на нейкі час выцякаюць у суседнюю краіну, а потым вяртаюцца. І тут мы нават не будзем разглядаць рэкі, якія сваім рэчышчам утвараюць мяжу дзвюх дзяржаў (як, напрыклад, Дзвіна на мяжы з Латвіяй ці Буг на мяжы з Польшчай).

У Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці пачынаецца рака Іпуць. Праз 25 кіламетраў руху на паўночны ўсход яна перасякае мяжу Расіі, дзе працягне сваё вельмі вялікае падарожжа па Смаленскай і Бранскай абласцях. Сумарна па Расіі Іпуць накручвае яшчэ 418 кіламетраў, прымаючы ў сябе воды дзясяткаў рэк, пасля чаго вяртаецца ў Беларусь, прарабляе тут апошнія 70 кіламетраў і ўпадае ў Сож проста ў Гомелі. Гэта значыць, чвэрць усёй сваёй працягласці Іпуць праходзіць у Беларусі, прычым у два этапы, а тры чвэрці прыпадаюць на Расію.

Ёсць яшчэ некалькі рэк, якія выцякаюць з Беларусі ў Расію, а потым вяртаюцца — але ўжо пад іншымі назвамі. Так, рака Сухая Паленніца пачынаецца ў Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці і неўзабаве перасякае мяжу. Там яна ўпадае ў Рутавеч, Рутавеч упадае ў Касплю, а Каспля цячэ назад у Беларусь і ў горадзе Сураж уліваецца ў Дзвіну.

Ці, скажам, рака Гародня пачынаецца дзесьці на ўскраіне Горацкага раёна Магілёўшчыны, потым заходзіць на Смаленшчыну і там упадае ў Віхру, якая прыходзіць у Беларусь і за Мсціславам упадае ў Сож.

З Мінска ў Варшаву

Дзіўна, але ў тэорыі з Мінска можна прыплысці не толькі ў Санкт-Пецярбург, пра што мы ўжо расказвалі, але нават і ў Варшаву! Хоць Свіслач, як мы памятаем, належыць не да Балтыйскага, а да Чарнаморскага басейна.

Як гэта магчыма? Дзякуючы Днепра-Бугскаму каналу, які праходзіць па Брэсцкай вобласці. Адразу агаворымся: гэтая магчымасць чыста тэарэтычная. Наўрад ці ў вас атрымаецца сапраўды паўтарыць гэты маршрут, бо на рэках няма памежных пунктаў пропуску.

Нават у рыб наўрад ці атрымаецца, бо ў некаторых месцах шлюзы і плаціны перакрываюць рэкі і каналы. Зрэшты, для некаторых відаў земнаводных, верагодна, гэта не стала б перашкодай. Але чалавеку гэты маршрут можна пераадолець толькі абстрактна.

Сядаем на нашу ўмоўна-тэарэтычную лодку ў Мінску на Свіслачы і плывём уніз па цячэнні. Лічым кіламетраж ад праспекта Незалежнасці. Праз 224 кіламетры, у вёсцы Свіслач Асіповіцкага раёна, мы трапляем на раку Бярэзіна.

Упадзенне Свіслачы (злева) у Бярэзіну (справа)

Яшчэ праз 224 кіламетры — вось дзе супадзенне! — мы апынаемся на Дняпры ў ландшафтным заказніку Смычок. Працягваем рух па Дняпры, і праз 118 кіламетраў прыплываем у Лоеў.

Пачынаючы адгэтуль, Дняпр з'яўляецца мяжой паміж Беларуссю і Украінай. Плывем яшчэ 117 кіламетраў і нарэшце апынаемся ў суседняй краіне. А праз 16 кіламетраў нас чакае лёсавызначальны паварот. Тут, у вярхоўях Кіеўскага вадасховішча, у Дняпро ўпадае Прыпяць. Нам трэба павярнуць на Прыпяць, прычым з гэтага часу прыйдзецца плыць уверх па цячэнні.

Праз 68 кіламетраў вяртаемся назад у Беларусь, працягваем рух. Яшчэ праз 445 кіламетраў, праплыўшы міма Нароўлі, Мазыра, Петрыкава, Турава, мы прыплываем у Пінск — у тое самае месца, дзе Прыпяць сыходзіцца і разыходзіцца з Пінай, пра што мы гаварылі вышэй. Працягваем плыць па Піне — зноў супраць цячэння — і праз 40 кіламетраў трымаемся правей, каб павярнуць на Днепра-Бугскі канал.

Цячэння ў канале няма, далей плыць павінна быць (тэарэтычна) лягчэй. Праз 93 кіламетры прыплываем у Кобрын, дзе канал упадае ў Мухавец, той самы Мухавец, пра які мы таксама ўжо расказвалі. І цяпер стане лягчэй: зноў плывем уніз па цячэнні. Праз 61 кіламетр Мухавец упадае ў Буг.

Зусім хутка мы апынаемся ў Польшчы і працягваем плыць уніз па цячэнні, пакуль праз 284 кіламетры Буг не прывядзе нас у раку Нараў. Яшчэ 37 кіламетраў — і вось мы ўжо проста пасярод Віслы. Цяпер трэба зноў узяцца за вёслы і веславаць уверх па плыні, і праз нейкіх 40 кіламетраў мы апынаемся ў самым цэнтры Варшавы, каля Лазенкаўскага моста. Разам — усяго 1768 кіламетраў ад цэнтра Мінска да цэнтра Варшавы і ўвесь час па рацэ.

Ці можна ўправіцца хутчэй?

Ёсць і альтэрнатыўны маршрут. Для гэтага давядзецца стартаваць не ў цэнтры Мінска, а за некалькі кіламетраў ад МКАД. Выязджаем па Брэсцкай трасе і сядаем у лодку на рацэ Пціч. Праз 469 кіламетраў яна нас выводзіць проста ў Прыпяць, без вялізнага крука па Дняпры праз Украіну.

Далей зноў уверх па цячэнні Прыпяці — але ўжо не да Пінска, а крыху бліжэй, да ўпадзення ў яе Ясельды. Гэта 264 кіламетры. А цяпер уверх па Ясельдзе да самых яе вярхоўяў — гэта яшчэ 233 кіламетры. Якраз у гэтым месцы, як мы казалі, сетка каналаў неймаверна густая, і адзін з іх, даўжынёй літаральна ў 500 метраў, выведзе нас да ракі… Нараў. Так-так, той самай ракі Нараў, якая цячэ праз Польшчу да Віслы. Праўда, апошні дзясятак-другі метраў ад Ясельды да Нарава прыйдзецца працягнуць нашу лодку волакам.

А цяпер увесь час уніз па Нараве да ўпадзення ў Віслу — гэта 508 кіламетраў. І апошнія 40 кіламетраў уверх па Вісле да цэнтра Варшавы. Разам — 1515 кіламетраў.

Які варыянт абіраеце?

У Беларусі ёсць дзве ракі, па плыні якіх можна даплысці ў Санкт-Пецярбург і Эстонію. Што за яны? 

У Беларусі ажыятажны попыт на сплавы на байдарках

Беларус прайшоў пешшу 300 км з Партугаліі ў Іспанію. Вось навошта ён гэта зрабіў

Топ маляўнічых месцаў для летніх вандровак па Беларусі, далей ад гарадской задухі

Nashaniva.com