Беларус-дальнабойшчык зладзіў смяротнае ДТЗ у Смаленскай вобласці — паехаў на чырвонае і ўрэзаўся ў аўтобус
У ДТЗ пацярпелі 11 чалавек, трое загінулі. Грамадзяніна Беларусі ўзялі пад варту.
04.09.2024 / 15:28
Фота: t.me/prokuratura67
Беларус на фуры стаў вінаватым у смяротным ДТЗ у Смаленскай вобласці.
Здарэнне адбылося 2 верасня на 231-м кіламетры трасы М-1 у Вязьме. Паводле версіі следства, кіроўца фуры паехаў на чырвоны на скрыжаванні. У выніку вялікагруз на хуткасці ўляцеў у ПАЗ, які спрабаваў павярнуць налева. Ад удару аўтобус таксама адкінула ў Nissan Primera, паведамляе smolnarod.ru.
У выніку ДТЗ адзін пасажыр аўтобуса ад атрыманых траўмаў памёр на месцы, 10 пасажыраў з цялеснымі пашкоджаннямі рознай ступені цяжкасці былі шпіталізаваныя ў Вяземскую ЦРБ, двое з якіх пазней памерлі ў бальніцы.
Суд у Вязьме заключыў кіроўцу фуры пад варту. Такое рашэнне было прынята ў тым ліку таму, што абвінавачаны — грамадзянін Беларусі, не мае пастаяннага месца жыхарства на тэрыторыі Расіі і можа схавацца ад органаў следства і суда.
Фота: t.me/prokuratura67
Кіроўцу абвінавачваюць у парушэнні правілаў дарожнага руху, якое пацягнула за сабой смерць двух або больш чалавек. Мужчыну пагражае да сямі гадоў турмы.