У Лёзне даішнікі па ўсім пасёлку ганяліся за падлеткам на матацыкле «Мінск»

16-гадовы хлопец адмовіўся спыняцца па патрабаванні і паспрабаваў уцячы ад пагоні.

04.09.2024 / 15:00

Скрыншот відэа МУС

У Лёзне супрацоўнікі ДАІ заўважылі на Шашэйнай вуліцы матацыкл без рэгістрацыйных знакаў. Міліцыянты запатрабавалі ад кіроўцы спыніцца, але той, наадварот, паскорыўся.

Даішнікі ганяліся за матацыклістам па ўсім пасёлку. На відэа бачна, што кіроўца добра ведаў мясцовасць. У выніку матацыкліст схаваўся ў адным з двароў. 

Якім чынам міліцыянты ўсё ж затрымалі кіроўцу, не паведамляецца. Матацыклістам аказаўся 16-гадовы хлопец без правоў. Ён вырашыў пакатацца на бацькавым «Мінску», пакуль бацькоў не было дома.

Цяпер на бацьку склалі адміністрацыйны пратакол за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей, а падлетак цяпер на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.

Nashaniva.com