Макс Корж хацеў зладзіць «магутны адрыў» у Казахстане. Але ўмяшаўся футбол

Спявак Макс Корж абвясціў пра адмену канцэрта, які павінен быў паводле першапачатковых планаў адбыцца ў кастрычніку на Цэнтральным стадыёне ў Алматы. Афіцыйнай прычынай гэтага называецца супадзенне запланаванай даты канцэрта з важнымі футбольнымі матчамі.

03.09.2024 / 15:49

Макс Корж. Фота: nstagram.com/maxkorzhmus

«Брацікі і сястрычкі! Рабілі ўсё магчымае, каб паспець з вамі сустрэцца сёлета, але на гэты раз удача не на нашым баку. Па тэхнічных прычынах правядзенне канцэрта не ўяўляецца магчымым. Увесь час усплываюць матчы, якія не даюць дастатковай колькасці дзён, каб падрыхтаваць усё да магутнага адрыву.

Просім прабачэння за нязручнасці. Убачымся ўжо ў наступным годзе», — напісаў Корж у інстаграме, ахарактарызаваўшы саму ідэю правесці канцэрт у Алматы як «ах**нную».

Як нагадвае «Трыбуна», першапачаткова канцэрт павінен быў адбыцца 28 верасня, але быў перанесены з-за правядзення 29 верасня фінала Кубка Казахстана, за трафей у якім «Атырау», дзе гуляюць беларусы Ягор Хаткевіча, Ігар Стасевіч, Мікіта Сцяпанаў і Мікалай Сігневіч, будзе змагацца з «Актабэ» Дзмітрыя Бяссмертнага.

На змененую дату канцэрта, 5 кастрычніка, Цэнтральны стадыён будзе заняты матчам 22-га тура чэмпіянату Казахстана паміж «Кайратам» з беларусам Аляксандрам Мартыновічам і «Актабэ».

Таксама незадоўга да планаванага канцэрта, 3 кастрычніка, на арэне ў Алматы адбудзецца сустрэча групавой стадыі Лігі канферэнцый, у якой «Астана» яшчэ аднаго беларуса, Макса Эбонга, прыме сербскі ТСЦ.

Макс Корж заклікаў людзей спыніць вайну

«Каб хто раскаяўся за гэта». Макс Корж у другія ўгодкі вайны прэзентаваў песню «Халодная раніца»

Махляры дураць беларусаў, абяцаючы ім канцэрты Макса Каржа

Топ беларускіх артыстаў, каго слухаюць у Spotify

Nashaniva.com