Пасля двух гадоў зняволення выйшаў на свабоду гомельскі бард Аляксей Ільінчык

Ён цалкам адбыў пакаранне і выйшаў на волю 31 жніўня 2024 года.

03.09.2024 / 15:12

Аляксей Ільінчык

У чэрвені 2022 г. Аляксей Ільінчык вярнуўся ў Гомель, а 18 жніўня яго затрымалі. Пра гэта стала вядома з праўладнага ТГ-канала, які распавёў, што бард затрыманы за каментары ў сацыяльных сетках, піша «Гомельская вясна».

Не зважаючы на кепскі стан здароўя, яго змясцілі ў СІЗА-3 г. Гомеля, абвінаваціўшы па 3-х артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ: частцы 1 артыкула 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы», ч. 2 арт. 367 «Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі» і ч. 1 арт. 368 «Абраза Лукашэнкі».

28 сакавіка 2023 г. суддзя Гомельскага абласнога суда Хлышчанкоў Аляксей прысудзіў Ільінчыку 2,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд абскарджваўся ў Вярхоўным Судзе, але яго пакінулі без зменаў, пасля чаго палітвязень быў этапаваны ў ПК № 14, што ў в. Навасады Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.

Nashaniva.com