У Польшчы адкрылася сетка крамаў, куды завозяць беларускія тавары. Абяцаюць нават чыпсы ў пласцінках

На польскі рынак выйшла сетка крам нізкіх цэн TAK-TU. Аснову асартыменту тут складае імпарт. Ёсць прадукцыя з Літвы, Латвіі і Украіны, і нават беларускай вытворчасці, піша Mostmedia.io.

03.09.2024 / 13:57

Фота: Mostmedia.io

«Для палякаў гэта ў навінку»

Першыя гандлёвыя аб'екты сеткі запрацавалі ў Беластоку і Ломжы. Наступны пункт плануюць адкрыць у Ольштыне. Беларусаў TAK-TU наўрад ці здзівіць-канцэпцыяй ён нагадвае сетку» Святлафор», якая працуе ў фармаце жорсткага дыскаўнтара.

— Для палякаў гэта ў навіну — часам яны заходзяць сюды і блытаюць краму са складам. Палітыка крамы палягае ў тым, што тавары ляжаць на палетах, прадукты таннейшыя, — адзначае супрацоўніца TAK-TU, беларуска Аліса.

Раніцай у будні дзень у краме нешматлюдна.

— Пакуль мала беларусаў ведае пра сетку, таму заходзяць сюды рэдка. Мы адкрыліся толькі 31 жніўня. Тавар будзе яшчэ давозіцца. Я думаю, што цягам месяца асартымент павялічыцца, — дадае Аліса.

Падушкі даставілі, а лампадкі едуць праз беларускую мяжу ўжо два тыдні

На першы погляд, асартымент крамы прадстаўлены ў асноўным таварамі з Літвы, Латвіі, Польшчы і Украіны. Удалося адшукаць і некалькі эстонскіх і кітайскіх прадуктаў. А вось беларускіх тавараў няшмат: Аліса паказвае падушкі коштам ад 33 да 63 злотых — яны прыехалі з Гародні. Ёсць у краме беларускія фіранкі за 30 злотых, абрусы за 5,41 злотага і дэкаратыўная падушачка на крэсла за 8,86 злотага.

«Нарэшце з'явілася нармальная вараная каўбаса»

Аліса і сама пакаштавала прадукты, якія прадаюцца ў краме, і нават паспела прыгатаваць з іх аліўе. Кажа, у Польшчы «нарэшце з'явілася нармальная вараная каўбаса».

Праўда, тавары, па якіх многія сумуюць у эміграцыі, — не з Беларусі. Напрыклад, кансерваваная грачаная каша са свінінай — з Латвіі, хоць этыкетка на рускай мове. Бляшанка каштуе 5,85 злотага. Ёсць у краме і латвійская згушчонка — 5,52 злотага за бляшанку.

Прадстаўлены і дэсерты з Украіны. Некаторыя з іх можна знайсці таксама ў сетцы крам Auchan, але там такая прадукцыя даражэйшая. Скрынка бела-ружовага зефіру вагой 700 грам у TAK-TU каштуе 13,40 злотага, паўкіло пернікаў — 5,69 злотага.

У новай краме адшукаліся і вушкі — скрынка з гэтым печывам каштуе 9,65 злотага, а ўпакоўка ўкраінскіх ірысак — 5,24 злотага.

Ёсць у краме і асобная халодная зала: тут нізкая тэмпература, але прадукцыя ляжыць на паліцах, а не ў халадзільніках. У асартыменце кансервы, паляндвіца, вяндліна і каўбаскі. Слоічак кансерваванага ласося з Латвіі каштуе 5,86 злотага, а кілаграм вэнджаных рабрынак з Літвы — 16,27 злотага.

Аліса параіла набыць мінералку з Латвіі, таму што »ў яе мяккі смак». За 2,5 літра мы аддалі 1,82 злотага. Ваду пакаштавалі — сапраўды нядрэнна. Прадаюць у TAK — TU і алкаголь. У асноўным гэта піва польскай вытворчасці і ўкраінская гарэлка. Але нам удалося адшукаць чэшскае піва ў пяцілітровай бочцы.

Парашкі — з Польшчы, шкарпэткі — з Кітая, шпалеры — з Украіны

Бытавая хімія прадстаўлена ў асноўным таварамі з Літвы і Польшчы. Напрыклад, пяць кілаграмаў парашка Ariel абыдуцца ў 53 злотых.

Прадаюць у краме і ніжнюю бялізну, і шкарпэткі — гэтыя тавары пастаўляюцца з Кітая, а кошты на іх вагаюцца ад 4 да 7 злотых.

Незвычайны для падобных крам тавар — украінскія шпалеры — можна купіць па 8,35 злотага за рулон.

Nashaniva.com