У Шчучыне жанчына выкінула з балкона гарбуз — той прызямліўся акурат на дах аўто

У нядбайнай гаспадыні — крымінальная справа.

03.09.2024 / 13:14

Фота: Гродзенская міліцыя

39-гадовая жанчына наводзіла парадак у кватэры. Дайшоўшы да балкона, яна знайшла там гарбуз. Цывілізавана выкідаць плод гаспадыня не стала, а вырашыла шпурнуць яго з балкона, паведамляе абласная міліцыя.

Гэта аказалася фатальнай памылкай: гарбуз прызямліўся проста на дах прыпаркаванага Volkswagen.

Гаспадар машыны, калі выявіў рэшткі плоду на машыне, звярнуўся ў міліцыю. Зламысніцу аператыўна знайшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку.

Жанчына прызналася ў зробленым і раскаялася, але гэта не выратавала ад крымінальнай справы аб хуліганстве.

Nashaniva.com