Мінздароўя: У Беларусі ідзе рост захворванняў на кавід і ВРВІ
У Беларусі прыходзіць сезоннасць многіх рэспіраторных вірусных захворванняў, паведаміў галоўны пазаштатны інфекцыяніст Мінздароўя, народны доктар Беларусі Ігар Карпаў.
03.09.2024 / 13:02
Ілюстрацыйнае фота
Ён распавёў, што ў першую чаргу гаворка ідзе пра адэнавірус, рэспіраторна-сінцытыяльны вірус, рынавірус, а таксама COVID-19.
«Змяняюцца кліматычныя і сацыяльныя ўмовы: дзеці ідуць у школу, студэнты ў аўдыторыі, у многіх заканчваецца адпачынак. І таму мы зноў і зноў успамінаем аб праблеме вострых рэспіраторных захворванняў, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам», — заявіў доктар Карпаў.
Паводле яго слоў, уздым гэтых захворванняў чакаецца восенню. Што тычыцца каранавіруса, то яго нельга недаацэньваць, нягледзячы на тое, што ён набыў некалькі іншую форму, удакладніў спецыяліст.
«Цяпер ён стаў трошкі іншым ці што. Ва ўсіх на слыху слова «амікрон», яго розныя мутацыі. Як мы памятаем, шмат розных назваў было, якія нечакана з'яўляліся і трохі адпужвалі», — растлумачыў галоўны пазаштатны інфекцыяніст.
Аднак варта заўважыць, што Мінздароўя не публікуе сутачную статыстыку па захворванні на каранавірус з ліпеня 2022 года.