Суд у Расіі прысудзіў украінца да 20 гадоў за спробу высадкі ў Крыме

Паўднёвы акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прысудзіў украінскага вайскоўца Аляксандра Любаса да 20 гадоў зняволення за спробу высадкі на ўзбярэжжы Крыма і нападу на расійскіх вайскоўцаў, паведамляе Голас Амерыкі.

03.09.2024 / 12:54

Агенцтва ТАСС назвала асуджанага «ўдзельнікам падраздзялення спецпрызначэння» Галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Мінабароны Украіны.

Любаса прызналі вінаватым паводле артыкулаў аб незаконным перасячэнні мяжы, захоўванні і кантрабандзе зброі, тэракце і праходжанні навучання з мэтай тэрарыстычнай дзейнасці.

Восенню мінулага года адбылася перастрэлка паміж супрацоўнікамі ФСБ Расіі і байцамі дыверсійна-разведвальнай групы з Украіны, падчас якой Аляксандр Любас трапіў у палон. Ён сядзеў на пасажырскім месцы на гідрацыкле, пры рэзкім манеўры зваліўся ў ваду, яго затрымалі.

Следства сцвярджае, што ён назваўся радавым ГУР і распавёў, што група з 16 дыверсантаў прыбыла на паўвостраў з тэрыторыі Адэскай вобласці на адным катары і пяці скутарах. На яго завялі крымінальную справу па некалькіх артыкулах, уключаючы падрыхтоўку тэракту.

Прапагандысцкія расійскія тэлеграм-каналы паспяшаліся паведаміць, што затрыманы з'яўляецца не шараговым, а падпалкоўнікам 93-й механізаванай брыгады УСУ, які мае ордэн «Народны герой Украіны». Канал Grey Zone тады ўстанавіў, што затрыманы — не падпалкоўнік Аляксандр Лобас, а ўраджэнец Валынскай вобласці Аляксандр Любас.

Nashaniva.com