У расійскім Чалябінску святару забаранілі служыць за адмову чытаць малітву «аб перамозе святой Русі»

Пятру Усцінаву інкрымінавалі тры злачынствы, але галоўным стала тое, што ён не стаў чытаць малітву «аб перамозе святой Русі», піша тэлеканал «Дождь».

03.09.2024 / 11:29

«Святой можа быць асоба, якая жыве ў згодзе з воляй Божай, але ніяк не гісторыка-культурнае, цяпер неіснуючае дзяржаўнае ўтварэнне ўсходніх славян IX стагоддзя. Па-другое, калі пад святой Руссю разумеецца нейкая канкрэтная краіна, а пад перамогай — знішчэнне яе палітычных ворагаў, то царква, якая па вызначэнні паза-нацыянальная, не можа заклікаць адных сваіх дзяцей знішчаць іншых сваіх дзяцей, і ўжо тым больш прасіць на гэта дапамогі ў Нябеснага Айца», — заявіў ён.

Акрамя таго, Усцінава абвінавацілі ў выкарыстанні рускай мовы ў набажэнстве. Сам ён патлумачыў гэта тым, што большасць вернікаў не разумее царкоўнаславянскую.

Яшчэ адной прычынай для забароны ў служэнні стала прымяненне Усцінавым аднаразовых лыжак для прычашчэння.

Nashaniva.com