Ці шмат беларусаў хоча збліжэння з Расіяй? Вось што паказала апытанне

У беларусаў таксама спыталі, ці варта збліжацца з Еўропай.

03.09.2024 / 12:17

Спявачкі сёстры Груздзевы, убраныя ў Беларусь і Расію. Фота: БелТА

Апублікаваны вынікі новага даследавання Chatham House. Па знешнепалітычнай арыентацыі беларусы традыцыйна падзелены на тры групы.

З іх дзве — прарасійская і пранейтральная — вялікія, а празаходняя — маленькая. Пры гэтым прыхільнікі збліжэння з Расіяй (34%) не складаюць большасці ў беларускім грамадстве, хаця іх у два з паловай разы болей за прыхільнікаў еўраінтэграцыі (13%).

Вялікая колькасць рэспандэнтаў (35%) сказала, што мае складанасць з адказам (што можна патлумачыць як нявызначанасцю, так і фактарам страху).

Маленькая колькасць прыхільнікаў еўраінтэграцыі, як паказала даследаванне, тлумачыцца не толькі напружанымі адносінамі Захаду з рэжымам Лукашэнкі, але і закрытасцю Захаду для простых беларусаў.

Згодна з вынікамі апытання, кожны восьмы рэспандэнт (13%) лічыць верагодным уступленне Беларусі ў ЕС на працягу наступных 15 гадоў. А вось зусім не верыць у гэта ці лічыць малаімаверным кожны другі (51%).

Пры гэтым у людзей няма кансэнсусу адносна перашкод на шляху Беларусі ў ЕС. Амаль аднолькавая колькасць апытаных сказала, што гэтаму перашкаджае ўрад Расіі, не хоча ўрад Беларусі ці не хочуць самі краіны ЕС.

***

Апытанне Chatham House праходзіла з 28 чэрвеня па 3 ліпеня 2024 года. Удзел у ім прынялі 827 рэспандэнтаў. Аўтары адзначаюць, што вынікі абмежаваны гарадскім насельніцтвам і карыстальнікамі інтэрнэт. Гэта — а таксама фактар страху — магло крыху сказіць карціну.

Колькі беларусаў жыве ў Польшчы. Свежыя лічбы

Амаль Гродна і Брэст разам узятыя. Вось колькі беларусаў выехала за апошнія гады

Стала вядома, колькі беларусаў лічыць сябе вернікамі

Nashaniva.com