Колькі ў Беларусі прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі — даследаванне Астапені

Новае апытанне Chatham House паказвае, як выглядае падзел у беларускім грамадстве па палітычных прыхільнасцях.

03.09.2024 / 13:02

Фота: старонка «УКантакце» Першамайскага райкама БРСМ

Chatham House (кіраўнік беларускага праекта — доктар палітычных навук Рыгор Астапеня) правёў новае апытанне грамадскага меркавання. Яго вынікі дазволілі аўтарам вызначыць у беларускім грамадстве асноўныя сегменты па палітычных прыхільнасцях. 

Кожнага чацвёртага рэспандэнта (25%) аўтары аднеслі да праўладнага сегменту, да прадэмакратычнага лагера — кожнага сёмага (14%). Столькі ж сярод апытаных эканамічна незадаволеных. Пры гэтым амаль палова (47%) аказалася нейтральнай.

Тых, хто цікавіцца і не цікавіцца палітыкай, аказалася 42% і 33% адпаведна (і вялікая колькасць тых, хто не стаў адказваць).

З тым, што апошні год справы ў краіне ідуць у правільным кірунку, цалкам ці часткова згодныя 41% апытаных. Цалкам ці часткова не згодныя — 24%.

Задаволенасць цяперашняй эканамічнай сітуацыяй выказалі 41% рэспандэнтаў, незадаволеным быў кожны трэці (33%). Пры гэтым неабходнасць рэформаў шмат у якіх сферах бачыць амаль кожны другі (45%). Супраць выказаўся толькі кожны сёмы (13%).

Пра неабходнасць у краіне моцнай рукі лідара заявіла 39% апытаных, супраць выказаўся кожны чацвёрты (24%).

***

Апытанне Chatham House праходзіла з 28 чэрвеня па 3 ліпеня 2024 года. Удзел у ім прынялі 827 рэспандэнтаў. Аўтары адзначаюць, што вынікі абмежаваны гарадскім насельніцтвам і карыстальнікамі інтэрнэт. Гэта — а таксама фактар страху — магло крыху сказіць карціну.

У чым беларусы захоўваюць грошы? Вынікі апытання могуць здзівіць

Якую Беларусь хочуць беларусы? Аналіз апытанняў дае цікавую карціну

Як часта беларусы заводзяць службовыя раманы? 

Nashaniva.com