За два гады колькасць паездак літоўскіх грамадзян у Беларусь скарацілася ў пяць разоў
Колькасць грамадзян Літвы, якія наведалі Беларусь, за два гады скарацілася ў пяць разоў, паведаміла ў панядзелак Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, паведамляе LRT.
02.09.2024 / 16:04
Фота ілюстрацыйнае
У жніўні гэтага года грамадзяне Літвы з'ездзілі ў суседнюю краіну 10 тысяч разоў. У жніўні 2022 года гэты паказчык складаў 50 тыс. разоў, а ў жніўні мінулага года — 33 тыс.
Паводле звестак памежнай службы, у жніўні гэтага года грамадзяне Літвы перасякалі мяжу з Беларуссю праз пункты памежнага кантролю 10 020 разоў. Некаторыя з іх з'ездзілі туды не адзін раз, бо колькасць так званых унікальных выездаў склала 7 358.
Пасля ўвядзення Беларуссю ў красавіку 2022 года бязвізавага рэжыму для грамадзян Літвы некаторыя з іх, асабліва жыхары памежных з Беларуссю раёнаў, сталі часцей ездзіць у суседнюю краіну. Найбольшая колькасць паездак у Беларусь за гэты перыяд была зафіксаваная ў ліпені 2022 года. У гэтым месяцы грамадзяне Літвы перасеклі мяжу з Беларуссю 56048 разоў. Пазней гэтая колькасць стала зніжацца. Напрыклад, у студзені мінулага года было зафіксавана 36379 перасячэнняў, а ў снежні — 16930.
У лютым гэтага года грамадзяне Літвы з'ездзілі ў Беларусь 20174 разы, а ў сакавіку — толькі 8903 разы.
Па словах літоўскіх памежнікаў, пералом адбыўся ў сакавіку гэтага года, калі Літва закрыла яшчэ два міжнародныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю — «Райгард» і «Лаварышкі». Перад гэтым, у жніўні 2023 года, была прыпыненая праца пунктаў пропуску «Цверач» і «Шумск».
Як і іншыя літоўскія ведамствы, Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы папярэдзіла грамадзян аб небяспецы паездак у Беларусь. Спецслужбы папярэджваюць грамадзян Літвы, што пры паездцы ў суседнюю краіну іх могуць паспрабаваць вербаваць лукашэнкаўскія спецслужбы.
Сёння на літоўскай мяжы магчымае істотнае запавольванне працы літоўскага боку
У памежным пункце пропуску «Брэст» з'явіліся зона адпачынку і фуд-трак