Прапаганда праілюстравала патруляванне мяжы верталётам, які разбіўся 8 гадоў таму
Раніцай адзін з каналаў, звязаных з беларускімі вайскоўцамі, апублікаваў фота верталёта Мі-24 ВПС РБ (бартавы нумар — «12» белы) з подпісам: «Актыўнае патруляванне паветранай прасторы паблізу дзяржаўнай мяжы».
02.09.2024 / 14:00
На верталёце можна заўважыць пчалу з лукам. Роўна такая ж пчала выкарыстоўвалася на нарукаўным знаку 181-й баявой верталётнай базы УС РБ (в/ч 02181, аэрадром «Пружаны»). Аднак база была расфармаваная ў 2015 г.
Іншымі словамі, «актыўнае патруляванне» прапагандысты вырашылі праілюстраваць верталётам падраздзялення, расфармаванага дзевяць гадоў таму.
Але гэта яшчэ не ўсё. Рэч у тым, што верталёт Мі-24 (б/н — «12» белы) разбіўся 25 красавіка 2016 г. у яблыневым садзе недалёка ад Мазыра. А фота, якое выкарыстоўваецца ў допісе прапагандыстаў, было зроблена яшчэ ў 2014 г., піша Беларускі Гаюн.
Атрымліваецца, што верталёт у 2024 г. мог ажыццяўляць толькі «пасіўнае патруляванне» дзяржаўнай мяжы, без пад'ёму ў паветраную прастору.
Беларускі Гаюн чарговы раз звяртае ўвагу, што шэраг рэсурсаў, звязаных з беларускімі вайскоўцамі, удзельнічаюць у мэтанакіраванай кампаніі па дэзынфармацыі. Яе мэта — перабольшыць колькасць войскаў, а таксама намаганні УС РБ у адказ на чарговую «правакацыю» з боку Украіны.
Гэтымі рэсурсамі распаўсюджваецца інфармацыя аб фэйкавай перакідцы войскаў да мяжы з Украінай, палётах авіяцыі, перакідцы расійскіх войскаў у Беларусь і інш. І вось чарговы прыклад пра патруляванне неіснуючым верталётам.