Расія пачала ўжываць дроны, што кіруюцца праз оптавалаконны кабель

Да такой высновы прыйшоў аналітык Bild, вывучыўшы відэа знішчэння аўстрыйскага БТР Bushmaster у Курскай вобласці.

02.09.2024 / 14:05

Скрыншот відэа

Эксперт Юльян Ропке заўважыў, што перад ударам FPV-дрон па-майстэрску абышоў падпаленыя на дарозе машыны і рухаўся пры гэтым ля самай паверхні асфальту. Беспілотнік перадаваў аператару выяву вельмі высокай якасці.

Ропке лічыць гэта сведчаннямі таго, што беспілотнік кіраваўся не радыёсігналам, а па оптавалакновым кабелі.

Такія дроны тэстуюцца ў краінах Захаду. У скрыню змяшчаюць катушку з ўльтратонкім кабелем даўжынёй да 10 км, які прывязаны да дрона. Оптавалакно дазваляе дронам абыйсці любую сістэму РЭБ і павысіць дакладнасць з 20% да 95%.

Паводле звестак Bild, цяпер у адкрытым доступе ёсць толькі тры відэа, якія даказваюць выкарыстанне Расіяй такіх беспілотнікаў. Таму маштаб прымянення гэтых сістэм застаецца незразумелым.

Nashaniva.com