Пуцін паабяцаў разабрацца з «бандытамі, якія забраліся ў Курскую вобласць»

Аперацыя Кіева ў Курскай вобласці праваліцца, і пасля гэтага Украіна захоча перайсці да перамоваў, заявіў Уладзімір Пуцін на адкрытым уроку «Размовы пра важнае» ў адной са школ Кызыла, піша РБК.

02.09.2024 / 12:15

Фота: Contributor / Getty Images

Пуцін зноў назваў дзеянні УСУ правакацыяй. Са слоў Пуціна, Расея ніколі не адмаўлялася ад перамоваў і вырашэння пытанняў мірнымі сродкамі.

«Але трэба, вядома, разабрацца з гэтымі бандытамі, якія забраліся на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі, у Курскую вобласць, і са спробамі дэстабілізаваць сітуацыю ў памежжы агулам», — сказаў ён.

УСУ атакавалі Курскую вобласць, каб спыніць наступ Расіі на галоўных участках Данбаса, упэўнены Пуцін.

«Вынік вядомы? Так, вядомы. Перш за ўсё гэта тычыцца нашых людзей, людзі праходзяць праз цяжкія выпрабаванні, асабліва ў Курскай вобласці, але галоўнай задачы, якую ставіў праціўнік — спыніць наступ на Данбасе, — яны не дасягнулі».

Са слоў Пуціна, расійскія войскі на Данбасе бяруць пад кантроль тэрыторыі «не па 200-300 м, а квадратнымі кіламетрамі». Мінабароны Расіі рэгулярна паведамляе аб «заняцці новых населеных пунктаў у ДНР».

Nashaniva.com