Латушка адказаў тым, хто крытыкуе стратэгію ціску на Лукашэнку
Павел Латушка патлумачыў сваё бачанне стратэгіі, якая можа паўплываць на рэжым Лукашэнкі.
01.09.2024 / 15:56
«Чаму мы паслядоўна выступаем за стратэгію ціску, прэсінгу і, я б не баяўся гэтага слова, разбурэння рэжыму Лукашэнкі і яму падобных?
Адказ даволі просты: гульня ў паддаўкі, якая дзесяцігоддзямі вялася ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, у выніку прывяла да таго, што ён за крок ад трансфармацыі ў цалкам таталітарную дыктатуру і ўжо ступіў за межы Беларусі ў здзяйсненні сваіх жудасных, сапраўды жудасных і самых сур'ёзных у разуменні міжнароднага права злачынстваў», — піша Павел Латушка ў сваім тэлеграм-канале.
Ён спрачаецца з тымі, хто кажа, што стратэгія ціску не працуе. Латушка сцвярджае, што доўгатэрміновы ціск на рэжым раней не ўжываўся, таму няма з чым параўнаць. А, маўляў, гульня ў паддаўкі акурат і прывяла да таго, што маем.
«За бачнымі эпізодамі кароткай «адлігі» заўсёды хавалася гатоўнасць задушыць любое непадпарадкаванне любымі сродкамі. І гатоўнасць ісці далей, выходзіць у сваім тэроры нават за межы краіны.
Аж да ўдзелу ў ваеннай агрэсіі. Што і адбываецца, бо такім рэжымам, як рэжым Лукашэнкі, уласцівая ўпэўненасць у сваёй беспакаранасці, у тым, што заходнія дэмакратыі слабыя, не адзіныя і рана ці позна зламаюцца і здадуць пазіцыі. І гэтая ўпэўненасць заснаваная якраз на досведзе ўсіх папярэдніх раўндаў супрацьстаяння з Захадам».
Латушка адзначае, што ў еўрапейцаў няма цэласнай стратэгіі, каб спыняць такія рэжымы.
«Рэжым Лукашэнкі і яму падобныя разумеюць толькі мову сілы. У той час як заходнія дэмакратыі ўсё яшчэ ёй не навучыліся да канца і часта па-ранейшаму гавораць з імі на дыпламатычным дыялекце, які ўспрымаецца такімі рэжымамі выключна як праява слабасці».
«Стратэгія ціску, прымусу агрэсара да выканання сваіх умоў, прыцягнення яго да адказнасці — гэта абсалютна рабочая стратэгія. Менавіта таму, што самі агрэсары існуюць і дзейнічаюць па «праве моцнага», па прынцыпе «хто мацнейшы, той і мае рацыю». Таму любая іншая стратэгія ў іх дачыненні проста не можа спрацаваць», — дадае Латушка.
Ён кажа, што Захад у дачыненні да рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна не ўжываў стратэгіі дзеянняў з пазіцыі сілы.
«Адсюль і няма выніку. А дакладней ён у наяўнасці — гэта поўнамаштабная вайна ва Украіне, гэта гібрыдная вайна на мяжы з ЕС і гэта масавыя рэпрэсіі ў Беларусі, самыя масавыя ў сучаснай гісторыі, у гісторыі пасляваеннай Еўропы».
«Радыкальнае супрацьстаянне радзей прыводзіць да поспеху» — Рудкоўскі пра дзве стратэгіі дэмсілаў