«Чырвона-зялёныя колеры пхаюць увогуле ўсюды». Чытач з правінцыйнага горада расказвае свае ўражанні ад цяперашняй Беларусі

Адзін з нашых чытачоў, які жыве ў правінцыйным беларускім горадзе, прачытаў учарашні тэкст пра тое, якой убачылі Беларусь эмігранты, што вярнуліся на радзіму пасля доўгай адсутнасці. Ён натхніў яго выказацца пра тое, якой сітуацыя выглядае з перспектывы чалавека, што жыве ў Беларусі чатыры апошнія гады, нікуды не выязджаючы.

31.08.2024 / 23:40

Жыццё ў нас цяпер стала падкантрольным з усіх бакоў. Большасць арганізаваных мерапрыемстваў праходзяць па сцэнарыях, на іх няма ніякіх выпадковых людзей.

Людзі нярэдка даведваюцца, што ў нашым горадзе, аказваецца, нешта правялі, толькі пастфактум. Ніякіх уласных ініцыятыў, нічога калі не непасрэдна арганізаванага, то не санкцыянаванага ўладамі не дапускаецца. 

А па ўстановах усюды расставілі стэнды па «генацыдзе беларускага народа».

Шмат чырвона-зялёных сцягоў. Я нават скажу, што ўскосна яны фактычна паўсюль, бо чырвона-зялёныя колеры пхаюць увогуле ўсюды, да месца і не да месца. Напрыклад, на паветраных шарыках і іншай падобнай прадукцыі — дзе толькі можна.

У той жа час бела-чырвонага спалучэння ў такіх выпадках стараюцца ўвогуле не дапускаць.

Калі ладзяць якія канцэрты, то ў першыя шэрагі сярод гледачоў садзяць гарадское чынавенства. Калі канцэрты дармовыя, то людзі на іх ходзяць, але не скажу, што іх там надта шмат. Фактычна ствараецца такі загончык адгароджаны, дзе ёсць алкаголь, то людзі нападпітку там і бавяць час. У той жа час турнэ артыстаў, якія выступаюць за грошы, часта адмяняюцца, не асабліва на іх ходзяць. 

Калі мерапрыемства дзяржаўнае, то па стылістыцы гэта як «мяшчанскае вяселле», «цыганы і мядзведзі», або «дорага-багата». Многія мерапрыемствы суправаджаюцца салютамі.

Акрамя таго, апошнім часам у горадзе раптам кінуліся чамусьці ўсюды рабіць нейкія безгустоўныя ўпрыгожванні, адносна якіх часта немагчыма патлумачыць, дзеля чаго яны ўвогуле патрэбныя.

Што да эканамічнай сітуацыі, то ў нас паменшала колькасць крам, а што да тавараў, то вялікія пытанні да іх якасці. Напрыклад, у «Электрасіле» практычна ўсе тавары з незнаёмымі брэндамі, і неяк ім не хапае лоску, ці што.

Калі стаю ў чарзе атрымліваць нешта на Wildberries, то прыглядаюся да тых рэчаў, што забіраюць іншыя людзі. Уражанне, што збольшага ўсё нізкаякаснае, як на адзін раз. Ды і самому прыходзіць па якасці горшае ў параўнанні з ранейшым. 

Тое ж тычыцца і прадуктаў. Мала таго што цэны падраслі, але прадуктаў увогуле стала менш у сэнсе асартыменту, і якасць пагоршала.

Я, напрыклад, люблю і цаню хлеб, але апошнім часам амаль не знаходжу смачнага. Раней быў, а цяпер знік. 

Акрамя таго, стала змяняцца вага ўпакоўкі. Бывае, ужо цяжка з ходу сказаць, колькі каштуе кілаграм таго ці іншага прадукту, бо расфасоўка зменшылася і стала вельмі разнастайная.

Калі казаць пра матэрыяльны стан жыхароў свайго дома, дзе больш за 100 кватэр, то лепшыя машыны толькі ў двух прадпрымальнікаў, былых супрацоўнікаў міліцыі, вайскоўцаў і суддзі. У астатніх нічога асаблівага. Заробкі як бы і большаюць, але людзі жаляцца, што іх не хапае.

Знізіліся тэмпы жыллёвага будаўніцтва, вельмі непрывабныя яго ўмовы. Будуецца сацыяльнае жыллё, але туды трапляюць толькі шматдзетныя.

З дарогамі, вадой, рамонтамі праблемы як былі, так і засталіся. На публічныя скаргі ўлады адгукаюцца хутчэй, а вось на ціхія амаль не рэагуюць.

Але ўвогуле, вядома, жыццё ідзе, жывым ніхто ў магілу не лезе. 

Хто раней піў, той і п'е, хітруны, прыстасаванцы ды баязліўцы таксама як былі, так і засталіся. Сказаў бы толькі, што цяпер яны заўважна больш, чым раней, асмялелі, публічна дэманструюць лаяльнасць.

Ёсць перабежчыкі ў праўладны лагер і сярод тых, хто ў 2020 годзе спачуваў пратэстоўцам. Яны цяпер заўзята спрабуюць даказаць, што тады ўсіх падманулі, і самі яны паверылі, і людзі павяліся.

А некаторыя кажуць такія словы: я таксама думаю гэтак жа, як і вы, але ў мяне трое дзяцей. І як мяняць Лукашэнку, калі вакол вайна. У такім становішчы, маўляў, «коней на пераправе не мяняюць», і менавіта ён не дапускае ўцягнуць нас у вайну.

Што да настрояў іншых людзей, то ёсць адчуванне, што пэўная іх колькасць затаілася, начапілі ўсмешку, і маўчаць. Што ў іх у галаве, невядома. Часам бывае, што нейкая незадаволенасць прарываецца разам з неасцярожным словам, але развіцця гэта не атрымлівае.

У кампаніях куды менш, чым раней, абмяркоўваюць палітыку. І бачна, што людзі сталі часцей выдаляць не толькі прыватную перапіску, але, напрыклад, і допісы ў агульным чаце класа ці кааператыва.

Увогуле ж людзей вакол яўна меншае, не-не ды і даведаешся, што хтосьці з'ехаў. 

«Жыццё кіпіць, бурліць і віруе». Якой пабачылі Беларусь эмігранты, якія вярнуліся на радзіму пасля доўгай адсутнасці

Лакіраваны сацрэалізм дыктатуры. Што паказалі ў ідэалагічнай стужцы «Культурны код»

Дзяніс Мельянцоў і яго рэалпалітык: ён сапраўды памяняў погляды ці проста раней маскіраваўся?

Nashaniva.com