«Я не п'яны, я толькі пачаў». У Гродне АМАП страляў у мужчыну з нажом

Мужчына стаў пагражаць сілавікам нажом і нарваўся на групу захопу.

31.08.2024 / 20:55

Скрыншот відэа МУС

У Гродне група захопу ў поўным абмундзіраванні затрымлівала п'янага мужчыну з нажом.

У міліцыю патэлефанавалі жыхары пасёлка «Паўднёвы»: яны паведамілі, што 52-гадовы мужчына паводзіць сябе неадэкватна і прыстае да людзей. Мяркуючы па відэа, ён сядзеў каля свайго дома і піў алкаголь.

Калі на месца прыбылі міліцыянеры, мужчына, як паведамляецца, пачаў пагражаць ім нажом. Тады сілавікі выклікалі падмацаванне — байцоў АМАП.

Тыя прыбылі на месца ў поўнай экіпіроўцы. У міліцыянераў і мужчыны завязаўся дыялог. Сілавікі заўважылі, што гарадзенец п'яны, на што той адказаў: «Я не п'яны. Я толькі пачынаю».

На відэа, якое апублікавала МУС, відаць, што мужчына стаіць з нажом у руцэ на ганку свайго дома і пагражае сілавікам перарэзаць камусьці горла. Пасля гэтага ён пачаў рухацца ў бок групы захопу, і міліцыянеры адкрылі агонь па нагах гумовымі кулямі.

Мужчына, нягледзячы на раненні, не ўпаў — ён працягнуў стаяць і мацюкаць сілавікоў. Але ў выніку яго ўгаварылі кінуць нож, каб можна было перавязаць раны.

Паведамляецца, што мужчына ў 2019 годзе быў судзімы за «наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання». Неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, накіроўваўся на прымусовае лячэнне ад алкагалізму ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

Сілавікі расказалі, як ім удалося знайсці абвінавачанага ў жорсткім забойстве ў Серабранцы

Акрамя немца Крыгера, да смяротнага пакарання ў постсавецкай Беларусі прысудзілі яшчэ 12 іншаземцаў. Але ёсць нюансы

«Вушамі ў нас не кормяць». Бондарава цяпер ваюе з дзецьмі: пагражае ім прастралянымі каленямі і ГУБАЗіКам

Nashaniva.com