«А галаву ты дома не забыў?» Паглядзелі, пачым сёлета прадаюць кветкі да Дня ведаў
Дзень ведаў у гэтым годзе выпадае на 1 верасня, таму асноўныя першыя званкі ў школах і гімназіях прагучаць у панядзелак, 2 верасня. Для многіх абавязковы атрыбут лінейкі — букет для любімага настаўніка. Паглядзелі, у які кошт абыдуцца кветкі тым, хто не мае ўласнага ці бабулінага агародзіка ў распараджэнні.
31.08.2024 / 12:29
Вечная класіка з ружамі будзе каштаваць ад 63 рублёў за 35 бутонаў.
Мінімалістычны тэматычны букет, напрыклад, з алоўкамі ўнутры могуць сабраць ад 26 да 45 рублёў.
Папулярная крама падарункаў Present.simple таксама прапаноўвае адмысловую калекцыю букетаў да Дня ведаў у тэматычным пакаванні з надпісамі «Вучаць у школе». Нават назвы кампазіцый вельмі гаваркія: «А галаву ты дома не забыў?», «Кабінет дырэктара», «Лондан із зэ кэпітал», «Белай крэйдай».
У каментарах, праўда, можна сустрэць абурэнне некаторых карыстальнікаў, маўляў, за 45-85 рублёў прапаноўваюць такія тоненькія ветачкі. «Сорамна сабе ў вазу ставіць, не тое што дарыць за шалёныя грошы», — пракаментавала адна з жанчын.
Эфектныя пышныя гартэнзіі, ветка якой ужо выглядае як самастойны букет, даступныя ад 55 рублёў.
Старыя добрыя гладыёлусы і астры, якія можна купіць на рынку. Так, на Камароўцы прадаўцы просяць 15 беларускіх рублёў за букет з 11 астраў ці 6 рублёў за адзін гладыёлус.
Фота: mlyn.by
За адзін жа яркі сланечнік на рынку трэба аддаць пяць рублёў.
Кампазіцыі ў кошыках, якія зручна несці ў руках, каштуюць ад 50 рублёў у залежнасці ад прадаўца і складанасці дызайну.
Падобныя кошты і ў крамах абласных цэнтраў. Так, такія вось варыянты абыдуцца бацькам і школьнікам у Магілёве ў 53 рублі.
Прэзентабельна выглядаюць вяргіні, хрызантэмы ці дробныя рамонкі. Гарадзенская крама прапаноўвае сабраць мікс на любы густ ад 30 рублёў.
Дарэчы, эколагі раяць усім, хто жыве з клопатам пра прыроду, абіраць менавіта сезонныя кветкі, тыя, якія выраслі ў натуральных умовах, без парнікоў і штучнага асвятлення. У Беларусі гэта ў пачатку восені найперш вяргіні, астры, гартэнзіі, гладыёлусы, сланечнікі, флёксы. Ну і старайцеся пазбягаць упакоўкі, асабліва пластыкавай.
У школах Беларусі будуць праводзіць «ранішнія фільтры». Што гэта такое?
Стала вядома, колькі будуць каштаваць школьныя абеды ў новым навучальным годзе
У школьных сталоўках забаранілі прадукты з араматызатарамі і этылавым спіртам