Маршалак польскага Сейма: Калі Лукашэнку трэба транзітныя калідоры, ён мусіць вызваліць палітвязняў

Польшча працягвае ціск на рэжым Лукашэнкі для вызвалення Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў у Беларусі, сказаў маршалак польскага Сейма Шыман Галоўня на канферэнцыі ў пытаннях бяспекі GLOBSEC, якая пачалася 30 жніўня ў Празе.

31.08.2024 / 08:09

Фота: прэс-служба прэзідэнта Казахстана

«На дыпламатычным узроўні мы робім усё магчымае, каб паслаць Лукашэнку сігналы, што ён мусіць вызваліць палітвязняў, — сказаў Галоўня, адказваючы на пытанне Радыё Свабода. — Што калі ён хоча адкрыцця памежных пераходаў, калі ён хоча мець транзітныя калідоры, яму трэба супрацоўнічаць з намі ў гэтым пытаньні. Мы спрабуем паказаць, што калі ён не будзе супрацоўнічаць, дык наступствы для яго, для ягонага рэжыму і для ягонай краіны будуць сапраўды складанымі».

Галоўня назваў «гістарычным» нядаўні візіт прэм’ер-міністра Індыі Нарэндры Модзі ў Польшчу і Украіну. Паводле польскага палітыка, «гэта быў значны сігнал ня толькі для Расіі, але і для Лукашэнкі».

Маршалак польскага Сейма таксама адзначыў, што міграцыйны ціск на польскую мяжу з боку Беларусі істотна знізіўся параўнальна з тым, што было некалькі месяцаў таму ці год таму. Паводле яго, гэта адбылося дзякуючы крокам польскага ўраду.

Пры гэтым Галоўня прызнаў, што польскія палітыкі часам ня ведаюць, «на якія кнопкі варта націскаць, каб актываваць працэсы ў Беларусі».

«Лукашэнка ператварыў Беларусь — гордую незалежную краіну — практычна ў калонію Расіі. Але мы часам не ведаем, якія іх узаемаадносіны і які ўзровень узаемнай нянавісці, зайздрасці і агрэсіі існуе паміж [Лукашэнкам і прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным]», — сказаў ён.

Nashaniva.com