Са дна Сожа ў Гомелі паднялі вялікі рагаты чэрап. Кажуць, што гэта старажытны бізон
Гомельскія супрацоўнікі Таварыства выратавання на водах знайшлі частку чэрапа з двума рагамі на дне Сожа на дзевяціметровай глыбіні, піша «Белка». Адразу з'явілася версія, што чэрап нібыта можа належаць дагістарычнай жывёліне.
30.08.2024 / 19:46
Фота: Вячаслаў Каламіец / Belkagomel.by
Як сцвярджае загадчык аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны музея палацава-паркавага ансамбля Юрый Панкоў, парэшткі належаць старажытнаму бізону.
Панкоў расказаў, што ў ледавіковы перыяд бізоны разам з мамантамі былі ці не самымі распаўсюджанымі жывёламі ў гэтых краях. Месца, дзе знайшлі чэрап з рагамі, мяжуе з маладым мікрараёнам Шведская Горка, і яно багатае на такія знаходкі. Раней тут ужо знаходзілі косці ляснога слана, шарсцістых мамантаў, насарогаў, паўночных аленяў і нават пячорнага льва.
Фота: Вячаслаў Каламіец / Belkagomel.by
Узрост знаходкі нібыта каля 10 тысяч гадоў. Дакладную дату мог бы даць радыевугляродны аналіз, але пакуль яго зрабіць немагчыма.
Цяпер жа рагаты чэрап ачысцяць, закансервуюць, а ў пачатку наступнага года пакажуць на традыцыйнай выставе знаходак «Музейны экспанат».
У Гомелі ратавальнік падчас нырання знайшоў косткі старажытнай жывёлы
Навукоўцы аб'явілі пра прагрэс у адраджэнні маманта. Але навошта яго адраджаць?