У Пермскім краі забілі 27-гадовую дзяўчыну і яе 7-гадовую дачку. У забойстве падазраецца баец ПВК «Вагнер»

Праз два тыдні ён павінен быў адправіцца ў зону баявых дзеянняў.

30.08.2024 / 11:53

Фота: Baza

У Пермскім краі Расіі забілі 27-гадовую дзяўчыну і яе 7-гадовую дачку. У забойстве падазраецца баец ПВК «Вагнер»— два гады таму ён быў асуджаны за забойства маладой жанчыны, але адправіўся на вайну ва Украіну, быў паранены і знаходзіўся ў горадзе ў адпачынку па раненні. Праз два тыдні ён павінен быў адправіцца ў зону баявых дзеянняў, піша Baza.

Целы 27-гадовай Кацярыны і яе 7-гадовай дачкі былі выяўленыя ў кватэры ў горадзе Чусавым вечарам 29 жніўня. Неўзабаве ўстанавілі і асобу меркаванага забойцы: ім аказаўся яе хлопец, 27-гадовы Арцём Бучын.

Бучын ваяваў ва Украіне, але атрымаў мінна-аскепкавае раненне правай нагі і пасля лячэння паехаў у адпачынак у родны горад. Цяпер ён абвешчаны ў вышук. Са слоў крыніц, праз раненне ў мужчыны ёсць характэрная асаблівасць: ён кульгае на правую нагу.

Фота: Baza

Арцём Бучын і раней меў праблемы з законам. Ён быў судзімы за нявыплату аліментаў, рабаванне з ужываннем гвалту, а таксама забойства. У 2022 годзе Арцём Бучын забіў дзяўчыну Таццяну Ракуціну. Са слоў мужчыны, на злачынства ён пайшоў, бо яго «пераклініла». Пасля забойства ён спрабаваў пакончыць з сабой, але няўдала. Экспертыза прызнала Бучына адэкватным.

У лютым 2023 года Бучына прысудзілі да 20 гадоў калоніі. Там ён заключыў кантракт з ПВК і адправіўся на перадавую. 

У 2024 годзе Бучын вярнуўся з вайны ў адпачынак па раненні і павінен быў знаходзіцца ў Чусавым з 13 жніўня па 12 верасня. Цяпер па факце забойства маці і дзіцяці заведзена крымінальная справа.

Nashaniva.com