«Ёй быў усяго месяц». У бальніцы ў Жыткавічах памерла маленькая дзяўчынка
У рэдакцыю Onliner звярнуўся мужчына Мікалай і расказаў: 27 жніўня ў педыятрычным аддзяленні Жыткавіцкай раённай бальніцы памерла яго маленькая пляменніца. У бальніцы журналістам факт гібелі пацвердзілі.
30.08.2024 / 11:09
Маці дзяўчынкі распавяла падрабязнасці таго, што адбывалася з яе малой у той дзень, і чаму яна адважылася звярнуцца з заявай у СК.
У Саманты гэта было першае дзіця. Маладая жанчына родам з Талачына. У Жыткавічах, дзе адбылася трагедыя, апынулася пасля замужжа. Месяц таму яна нарадзіла дачку ў Гомельскім абласным радзільным доме. Дзяўчына, з яе слоў, адчувала сябе добра.
Раніцай 26 жніўня Саманта павезла дзяўчынку ў мясцовую паліклініку на планавы агляд педыятра. Але, кажа, паказаць дзіця доктару і не атрымалася: усе былі ў адпачынках.
— Мы вярнуліся дадому, і да гадзін двух з Раянай усё было добра (маці і дзіця — прадстаўнікі этнічнай групы цыган, адсюль такія незвычайныя імёны). А пасля я заўважыла, што ў малой паднялася тэмпература, памерала — было 38. Мне стала трывожна, і я выклікала хуткую: не ведала, як наогул збіваць тэмпературу ў такіх маленькіх. Тут лішні раз баішся дакрануцца, а тут такое! Прыехаў фельчар, агледзеў, зрабіў укол, збіў тэмпературу і параіў ехаць у бальніцу.
«Бо тэмпература, бо будзе лепш, калі такое маленькае дзіця будзе пад наглядам дактароў»,— тлумачыў ён мне. Я хутка сабрала рэчы і паехала.
У прыёмны пакой Жыткавіцкай раённай бальніцы Раяна паступіла каля 16 гадзін таго ж дня. У малой узялі аналізы крыві, пазней яе агледзеў доктар.
— Потым нас з дачкой змясцілі ў палату. Прыйшла доктар, паслухала яе, прызначыла лячэнне. Бліжэй да вечара, гадзін у сем, малая стала неспакойнай, стала плакаць, я паклікала медсястру, папрасіла яе памераць тэмпературу. Градуснік паказаў 37 градусаў, Медсястра прынесла ў шпрыцы лекі (тут суразмоўніца кажа пра гарачкапаніжальнае) і сказала ўліць у рот малой. Я ўліла. Медсястра была побач. Дзяўчынка супакоілася і заснула на нейкі час. Спала ўрыўкамі, а бліжэй да трох гадзін ночы ў яе пачалася істэрыка.
У гэты момант Саманта заўважыла на твары ў дачкі нейкія прышчыкі і паклікала медсястру.
Калі тая праз час падышла, дзіцяці стала прыкметна горш. Дзяўчынцы зноў далі лекі — маці кажа, што ад алергіі. Але малой нічога не дапамагала. Пазней, распавядае Саманта, прыехаў педыятр, сабраўся кансіліум.
— Сказалі, што гэта не алергія, што гэта інфекцыя, назвалі нейкую хваробу, але я не запомніла. Дачку забралі ў рэанімацыю, а раніцай паведамілі, што яе больш няма. Цела яе нам аддалі не адразу: як я зразумела, яе забіралі на ўскрыццё ў Гомель.
У медыцынскім пасведчанні аб смерці ў якасці непасрэднай прычыны смерці паказаная вірусная інфекцыя неўдакладненай этыялогіі (дакументы ёсць у рэдакцыі).
— Сёння я напісала заяву ў СК (Жыткавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта), хачу, каб ацанілі дапамогу, аказаную маёй дачцэ.
А што кажуць у бальніцы?
У тэлефоннай размове з журналістам медработнік Жыткавіцкай раённай бальніцы пацвердзіў смерць дзяўчынкі, якая адбылася раніцай 27 жніўня, і дадаў, што медперсанал са свайго боку зрабіў усё магчымае, каб яе выратаваць.