Беларуска падабрала на вуліцы ваверчаня. Як выявілася, дарма
28 жніўня ў Мінскую раённую ветэрынарную станцыю звярнулася жанчына са шматлікімі ўкусамі. Аказалася, што напярэдадні яна падабрала ў Ратамцы маленькае ваверчаня і забрала яго дадому. Гэта было з яе боку памылкай, піша Pristalica.by.
29.08.2024 / 18:53
Здымак ілюстрацыйны
Спярша звярок паводзіў сябе мірна, але потым раптам накінуўся і пакусаў гаспадыню. Зрабіўшы аналіз, лекары выявілі, што ён заражаны вірусам шаленства.
Цяпер жанчына мусіць рабіць курс прышчэпак, каб не захварэць на гэтую смяротную хваробу таксама. Ветэрынары ж пачалі ў мясцовасці, дзе быў знойдзены хворы звярок, прафілактычную кампанію.
«Паколькі невядома, дзе да гэтага жыў звер, на вуліцы Банькаўшчына і ў яе ваколіцах нашы спецыялісты раскідаюць прынады з вакцынай ад шаленства», — расказала намесніца галоўнага доктара Мінскай раённай ветэрынарнай станцыі Іна Кручанава.
Паводле яе слоў, сёлета ў раёне ўжо былі зафіксаваныя 12 выпадкаў заражэння шаленствам. Прычыны звычайна падобныя на гэты з вавёркай, толькі жывёлы іншыя.
«Кусалі лісы, вожыкі, мышы, каты і сабакі. У большасці выпадкаў людзі прымаюць у сябе бездаглядных жывёл, якіх рэдка паказваюць ветэрынарнаму доктару», — расказала спецыялістка.
Узмацняюцца патрабаванні да ўвозу ў Еўрасаюз хатніх жывёл з Беларусі
Пацук трымае ў страху дом у Маладзечне