«Марка» адновіць працу з Baldinini
Беларускі вытворца абутку «Марка» адновіць працу з італьянскім брэндам Baldinini. Пра гэта ў эфіры беларускага тэлебачання распавёў уладальнік кампаніі «Марка» Мікалай Мартынаў.
29.08.2024 / 11:09
Ён паведаміў, што вытворца аднавіў перамовы з брэндам Baldinini: «Гэта будзе сумесны дызайн. Кампанія, магчыма, нават дазволіць прадаваць тавар пад сваім брэндам».
Раней «Марка» ўжо супрацоўнічала з Baldinini, гаворка ішла аб сумеснай марцы «Брава». Аднак у выніку італьянскі бок адмовіўся ад праекту.
Кампанію «Марка» стварылі ў 1991 годзе. У сярэдзіне 2000-х прадпрыемства стала найбуйнейшым вытворцам скуранога абутку ў краіне. Вытворчыя магутнасці складаюць каля 2 млн пар абутку ў год.