«У Ельску не збудуеш Ельскі ўніверсітэт». Філосаф Баркоўскі адказаў Лукашэнку
На Рэспубліканскай педагагічнай нарадзе 27 жніўня Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што ў Беларусі ў наступнай пяцігодцы будзе створаны адукацыйны хаб сусветнага ўзору, не горшы за Гарвард. «Напрыклад, на базе аднаго з факультэтаў БДУ пабудуем самы сучасны кампус і арганізуем па поўным фабрычным цыкле Вышэйшую школу», — сказаў Лукашэнка. Намеснік прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Кабінета, філосаф Павел Баркоўскі адказаў на планы рэжыму стварыць «беларускі адукацыйны хаб сусветнага ўзору».
29.08.2024 / 07:52
На рэспубліканскай педагагічнай нарадзе «галоўны ідэолаг беларускай адукацыі» і самапрызначаны прэзідэнт рытуальна змагаўся з бясконцай папяровай справаздачнасцю школьных настаўнікаў і агучыў амбіцыйную задачу збудаваць найноўшы беларускі адукацыйны хаб з сучасным кампусам і абсталяваннем. Карацей, зрабіць не горш за Гарвард.
Ідэя гэта з'явілася ў Лукашэнкі, відаць, як рэакцыя на «ўцечку мазгоў» і планы стварыць нацыянальны Беларускі даследчы ўніверсітэт за мяжой. Каб таленавітыя беларускія навучэнцы не разбягаліся, як яго сын Мікалай, па ўсім свеце дзеля лепшай адукацыі і працаўладкавання, а заставаліся.
Менавіта так Лукашэнка бачыць вырашэнне сістэмнага крызісу, у якім апынуліся беларускія адукацыя і навука…
Але відавочна, крызіс не вырашыць сучаснымі будынкамі і тэхналагічным рыштункам, які яшчэ трэба ўмудрыцца знайсці з улікам санкцый і абмежаванасці кітайскіх і расійскіх аналагаў.
Бо галоўная праблема беларускай навукі і адукацыі зусім не ў састарэласці матэрыяльнага фонду (хаця і гэта мае месца быць), а ў жаданні дзяржавы ў ручным рэжыме ўмешвацца і кантраляваць дзейнасць навукоўцаў.
Гэта выяўляецца і на ўзроўні жорсткага кантролю за тэмамі Акадэміі навук, якім год ад году прадпісваюць неабходнасць быць усё больш практыка-арыентаванымі і сфакусіраванымі на выкарыстанні распрацовак у прамысловасці і сельскай гаспадарцы.
Гэта і ідэалагічна сфарміраваны, абмежаваны пералік тэм і праектаў, па якіх выдаецца не такое ўжо і шчодрае фінансаванне з рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў.
Гэта і выцісканне нелаяльных навукоўцаў цэлымі лабараторыямі ці навуковымі школамі са сцен акадэмічных устаноў, і пакіданне на адміністрацыйных пасадах выключна «адданых» чыноўнікаў-бюракратаў.
Ці можна з такім падыходам разлічваць на стварэнне сучаснага адукацыйнага хаба сусветнага ўзроўню, не горшага за Гарвард? Пытанне рытарычнае. Як дасціпна заўважылі каментатары гэтай навіны: «у Ельску не збудуеш Ельскі ўніверсітэт, нават калі зарыеш кучу грошай у сучасны кампус».
Каб прэтэндаваць на беларускі Гарвард ці Ель, трэба глядзець не на сцены і прыборы, а на якасць навуковых і педагагічных кадраў, ствараць умовы для свабоднай даследчай працы студэнтаў і аспірантаў.
Менавіта гэта, як і сучасныя падыходы да арганізацыі ўніверсітэцкіх і агулам акадэмічных форм жыцця, магло б вярнуць Беларусь у шэрагі краін з высокім узроўнем адукацыі і навукі. Але пакуль маем тое, што маем.
Кепская палітыка вядзе да дрэннай адукацыі. І прыгожымі словамі гэта не змяніць. Трэба мяняць саму сістэму. Капітальна.