«Колькі зарабляць, кожны чалавек вырашае сам». Беларус расказаў пра жыццё і працу ў Фінляндыі

Беларус Кірыл К. жыве ў Фінляндыі больш за 15 гадоў — паехаў працаваць і застаўся. Ён спадзяецца, што і ў Беларусі, як і ў Фінляндыі, чалавек некалі стане галоўнай каштоўнасцю дзяржавы, піша BG.Media.

28.08.2024 / 21:20

Чыгуначны вакзал у Хельсінкі. Фота ілюстрацыйнае

«Стэндавая стральба — улюбёная забаўка аднаго з сыноў Лукашэнкі»

Кірыл К. — беларус і грамадзянін Фінляндыі. У гэтай скандынаўскай краіне на поўначы Еўропы ён жыве і працуе з 2008 года. Тады 20-гадовага беларуса з Віцебска запрасілі працаваць у Фінляндыю на прадпрыемства па вытворчасці мішэняў для стэндавай стральбы.

«Толькі ў Фінляндыі «па сакрэце» я даведаўся, што стэндавая стральба — гэта ўлюбёная забаўка аднаго з сыноў Лукашэнкі. Пад Мінскам было адмысловае стрэльбішча і членскі ўнёсак у тым клубе складаў ад 500 да 1000 даляраў за месяц. Там бываў прынц Дубая, які пазней знайшоў сабе дзяўчыну ў Мінску — вядомая гісторыя пра «знаёмства ў гатэлі», — смяецца Кірыл.

Стэндавая стральба — старажытная забава, якую патаемна практыкуюць у некаторых краінах і па сёння. Гэта калі ў галубоў вырываюць пер’е з хваста і выпускаюць, як мішэнь. Птушка не можа кіраваць палётам з-за вырванага пер’я і кідаецца ва ўсе бакі, а майстры стральбы мусяць у голуба трапіць. Цяпер замест птушкі вырабляюць рознакаляровыя мішэні, спрэсаваныя з бітуму і даламіту.

Менавіта на такую вытворчасць Кірыл пераехаў працаваць з беларускага Віцебска ў фінскую сталіцу Хельсінкі, ды так там і застаўся жыць. 

«Дзеці беларусаў у Фінляндыі больш не баяцца ісці ў школу»

Каб працаваць і жыць у Фінляндыі, Кірыл спачатку вывучыў ангельскую мову, а затым і фінскую. Пакінуў вытворчасць, адвучыўся на медбрата і сем гадоў адпрацаваў у медыцыне. Працягвае вучыцца і цяпер: заканчвае інстытут па спецыяльнасці інжынера аўтаматычнай тэхнікі. Навошта? Бо «трэба развівацца», а інжынеры — спецыяльнасць «запатрабаваная і высокааплатная ў Фінляндыі».

І ў Фінляндыі можна заставацца беларусам: Кірыл у беларускай кашулі

Для грамадзян Еўрасаюза адукацыя ў Фінляндыі бясплатная. Грамадзянам трэціх краін трэба плаціць па 3-4 тысячы еўра за год навучання. Як удакладняе Кірыл, гэтыя лічбы яшчэ «дакавідных» часоў, а пандэмія цэны падвысіла ўсюды.

«Дзеці беларусаў у Фінляндыі, якія сюды прыехалі, яны больш не баяцца ісці ў школу. Яны вельмі хочуць і вельмі чакаюць, калі пойдуць у школу. Нават я сам, калі пачаў вучыцца на медбрата ў Фінляндыі, толькі тады зразумеў, што такое адукацыя, як гэта цікава і патрэбна вучыцца», — кажа Кірыл.

Паводле ягонага досведу, у Фінляндыі няма такога паняцця — ісці ў школу ў 6 ці 7 гадоў. Тут індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці. І калі яно не гатовае да школы, то бацькам пра гэта кажуць і прапануюць пакінуць дзіця ў садку яшчэ на адзін год.

«Тут да ўсіх — дзяцей, дарослых, мясцовых жыхароў, мігрантаў — не важна, хто і адкуль гэты чалавек, — ставяцца заўсёды з вялікай павагай і шанаваннем. Ну, і адпаведна — ад кожнага чакаюць такой жа ўзаемнай павагі».

Яшчэ для маладых людзей, а маладымі ў Фінляндыі лічацца людзі да 30 гадоў, існуе цэлая сістэма розных «бонусаў». Да прыкладу, ільготныя крэдыты і бясплатнае банкаўскае абслугоўванне, меншыя падаткі і палова цаны на розныя віды страховак.

Студэнты маюць ільготны праезд і не важна, калі гэты «малады чалавек» мае больш за 30 гадоў. Школьнікам праезд бясплатны, а ўсім навучэнцам — ільготы на квіткі ў музеі, тэатры ды канцэрты. Усё медыцынскае абслугоўванне і стаматалогія — 60 еўра на год і шмат іншага.

«Раней студэнтам былі сацыяльныя выплаты, кшталту нашай стыпендыі каля 600 еўра, — працягвае Кірыл. — Але цяпер плацяць каля 300 еўра і даюць крэдыт: на арэнду кватэры, прадукты і рэчы. Калі студэнт паспяхова вучыцца, то палову ад гэтай сумы банку можа сплаціць дзяржава».

«Навошта мне ісці працаваць, калі выплата па беспрацоўі будзе такая ж, як і заробак»

Вайна Расіі з Украінай паўплывала на спад эканомікі і рост інфляцыі ў многіх краінах Еўропы, і Фінляндыя — не выключэнне.

Выраслі стаўкі па крэдытах: ад 0 да 3,5% за два гады, спад на рынку будаўніцтва, банкруцтва многіх кампаній істотна паўплывалі на рост беспрацоўя. Але ёсць людзі, якія проста «не хочуць працаваць» і добра пачуваюцца, атрымліваючы выплаты па беспрацоўі.

«Як мне ісці працаваць, калі ў мяне няма адпаведных крытэрыяў для «працы мары»: няма добрай мовы, адукацыі, няма жадання атрымліваць гэтую адукацыю. А на нейкую звычайную нізкааплатную працу, да прыкладу, кіроўцам, прадаўцом у краму ці тым жа медбратам — навошта наймацца, калі выплата па беспрацоўі будзе прыкладна такая ж, як і заробак», — так Кірыл бачыць матывацыю «прафесійных беспрацоўных».

Кірыл падчас працы — у машыне хуткай дапамогі

Выплата па беспрацоўі ў Фінляндыі складае каля 500 еўра. Але ў дадатак атрымальніку аплачваюцца ўсе ягоныя рахункі: кватэрная плата, камунальныя і іншыя паслугі, лекаванне, праезд — усе абавязковыя выплаты.

«А колькі зарабляць, кожны чалавек вырашае сам: праца ў нядзелю аплачваецца ўдвая, у суботу надбаўкі на 20%. Мой заробак медбрата складаў прыкладна 50 тысяч еўра за год, гэта крыху больш за 4 тысячы за месяц, але я шмат працаваў», — адзначае суразмоўца.

Найменшы ж заробак у Фінляндыі маюць прадаўцы і афіцыянты — гэта каля 2,5 тысяч за месяц. 

«Сацыяльныя службы аплачваюць усе абавязковыя выплаты і пакідаюць на пражыццё 500 еўра»

Пенсія ў Фінляндыі залежыць ад колькасці адпрацаваных гадоў, памеру заробкаў і складае ад 1200 да 1700 еўра. Ёсць магчымасць атрымліваць прыватную пенсію, але і ўнёскі для гэтага давядзецца плаціць большыя.

«А ёсць такое паняцце, як нацыянальная пенсія — такая пенсія выплачваецца, калі чалавек эмігрант у Фінляндыі ці мясцовы жыхар, але ніколі не працаваў. Гэта 800 еўра, а калі гэтых грошай не хапае, тады ён звяртаецца па дапамогу ў сацыяльныя службы. І яны тады аплачваюць усе абавязковыя выплаты і таксама пакідаюць на пражыццё 500 еўра».

300-400 еўра — гэта прыкладны кошт прадуктовага кошыка на аднаго чалавека. Але Кірыл кажа, што цэны ў крамах таксама трэба выбіраць «індывідуальна», бо «ў кожнай краме свае цэны», і гэты ж самы кошык можа быць даражэйшы ў разы.

«Сёння я набыў філе ласося за 13 еўра, а ў іншай краме ён каштуе 26. У адной краме агуркі каштуюць 90 цэнтаў, а ў суседняй тыя ж самыя агуркі — 3 еўра. Бульба, мяса, усе іншыя прадукты — цэны могуць розніцца ўтрая. Таму для мяне напоўніць «бюджэтны прадуктовы кошык» — азначае абысці тры найбліжэйшыя крамы і выбраць самыя нізкія цэны», — смяецца Кірыл.

«За рамонт кватэры буду плаціць каля 100 тысяч еўра»

Цэны на кватэры ўласныя і арандаваныя, як правіла, маюць істотную розніцу. Кірыл — уласнік трохпакаёвай кватэры памерам 70 квадратных метраў — «звычайная кватэра для сям’і з дзецьмі ў Фінляндыі».

Беларус набыў уласнае жыллё ў Фінляндыі, узяўшы банкаўскі крэдыт і заплаціўшы амаль 170 тысяч еўра. Цяпер сплачвае банку каля 500 еўра на месяц і рабіць гэта мусіць цягам 20 гадоў.

Камунальныя паслугі Кірылу каштуюць больш за 300 еўра, але калі гэтую ж кватэру давялося б арандаваць, то і выплачваць давялося б нашмат больш: 1100-1200 еўра. Затое ўласнік цалкам аплачвае рамонт кватэры: ад фарбавання сценаў да замены даху і ўсіх камунікацый.

«Наш дом пабудаваны ў 1983 годзе і яшчэ праз дзесяць гадоў плануецца поўная рэканструкцыя вадаправода, электрычнасці, каналізацыі. Кошт гэтай рэканструкцыі налічваецца паводле памеру кватэры: адзін квадратны метр будзе каштаваць каля 1500 еўра. Мая кватэра мае 70 квадратных метраў, а гэта значыць, што агулам я буду плаціць каля 100 тысячаў еўра», — падлічвае гаспадар.

Па беларускіх мерках, кошт рамонту ў Хельсінкі роўны кошту новай кватэры ў Мінску. Але ў фінаў — іншы памер заробкаў, а таварыства ўласнікаў змякчае фінансавы ўдар: бярэ банкаўскі крэдыт. Пасля завяршэння рамонту яно раскладае пазыку на ўсіх жыхароў і яны вяртаюць грошы як звычайную кватэрную плату.

Акрамя таго, у доме Кірыла на першым паверсе працуюць цырульня і памяшканне сацыяльнага прызначэння. У адрозненне ад Беларусі, дадатковымі памяшканнямі ў доме тут карыстаюцца не задарма, але арандуюць іх у жыхароў за грошы. Плату за арэнду таварыства ўласнікаў таксама накіроўвае на ўтрыманне дома і рамонт.

«Якасць лячэння ў Фінляндыі — непараўнальная з Беларуссю»

Медыцына ў Фінляндыі, як і ў многіх еўрапейскіх краінах, ёсць дзяржаўная і прыватная. У дзяржаўнай чарга, але «дапамогу чалавек атрымае і яна будзе якасная». У прыватнай усё хутка — плаціш грошы хоць за «з доктарам паразмаўляць». І вельмі добра працуе хуткая дапамога.

«Я марыў бы, каб у Беларусі так працавала хуткая дапамога, бо гэта не таксі. Яна прыязджае, каб стабілізаваць пацыента, а калі пацыент можа рухацца, то прыязджае да прыёмнага пакоя на таксі. Гэта каштуе каля 30 еўра, столькі каштуе і аплата прыезду хуткай», — дзеліцца досведам працы Кірыл.

Прыём у доктара можа быць бясплатным ці каштаваць да 15-20 еўра — у залежнасці ад бюджэту горада. Калі чалавек звяртаецца больш за тры разы на год, то астатнія звароты бясплатныя. Таксама лекі — усе, што па рэцэпту лекара вышэй за 600 еўра на год — таксама бясплатныя.

Кірыл на змене: праца медбратам

Кірыл кажа, што якасць лячэння ў Фінляндыі вельмі высокая — непараўнальная з Беларуссю.

«Двойчы я сам быў пацыентам і першы раз мне выдалялі гланды. У Беларусі мяне запужвалі, што буду мець заўсёдныя бранхіты, буду хварэць — лекары круцілі пальцам каля скроні. У Фінляндыі ж сказалі — давай мы іх выдалім і табе стане лягчэй жыць. Выдалілі пад агульным наркозам і больш за восем гадоў я шчаслівы чалавек, які не ведае, што такое бранхіт, ангіна і кашаль».

Пра яшчэ адну аперацыю апендыцыта Кірыл кажа, што шнары засталіся не даўжэйшыя за 1,5 сантыметра — «нібыта драпнуў кот».

 

Кірыл едзе на працу

«Чым далей ад Хельсінкі, тым больш душэўна і спакойна»

Сталічны рэгіён — гэта Хельсінкі і два ягоныя гарады-спадарожнікі Вантаа і Эспаа — гэта мультыкультурная частка Фінляндыі. А ўжо за 150 кіламетраў далей нашмат больш фінаў і чым далей, тым больш «душэўна і спакойна».

Школы ці іншыя ўстановы больш аддаленыя — яны добра абсталяваныя, бо фіны вельмі ашчадныя, «яны не будуць ставіць ногі на прынт ці камп'ютар, як я гэта бачыў у Хельсінкі».

У фінаў вельмі шмат лецішчаў, але «не ў тым разуменні, як у беларусаў — там адпачываюць». Сельская гаспадарка мала адрозніваецца ад беларускай: морква, бульба і буракі, каровы, свінні і авечкі — «болей любяць на конях пакатацца». У прамысловых маштабах — гэта фермерства, а «калгасаў-саўгасаў тут ніколі не было».

Прамысловасць у Фінляндыі перадусім прадстаўляюць галіна ІТ-тэхналогій, хімічная прамысловасць і металаапрацоўка. Шмат сэрвісаў, як лыжныя курорты і экалагічны турызм, дзе працай занятая вялікая колькасць людзей.

«Самае ўлюбёнае летняе свята ў фінаў — Юханус, нашае Купалле фактычна»

Самі фіны адпачываюць, «як усе — па-рознаму».

«Маладыя фіны любяць выпіць у выхадныя: пачынаюць у пятніцу-суботу і ў нядзелю ўжо «адыходзяць». Але і шмат займаюцца спортам ды адпачываюць без алкаголю. З нацыянальных святаў, хіба, самае ўлюбёнае ў фінаў — гэта Юханус у самую кароткую летнюю ноч. Нашае Купалле, фактычна, — паляць вогнішчы, спяваюць і танчаць».

А вось у царкву, паводле Кірыла, фіны ходзяць «усё менш і менш».

«Калі параўноўваць клімат у Віцебскай вобласці і ў Хельсінкі, то ён не моцна розніцца. Хельсінкі недалёка ад Балтыйскага мора і блізкая вада працуе як акумулятар: летам не так горача, бо дае прахалоду, а ўзімку не так холадна, бо дае цяпло».

А яшчэ ў Хельсінкі, як і ва ўсёй Скандынавіі, улетку палярныя дні.

«Гэта калі сонца апускаецца да дзвюх гадзін ночы, а трэцяй гадзіне ізноў узыходзіць. А на поўначы яно сапраўды свеціць і ноччу, як і днём. Ну, а палярная ноч — гэта цемрадзь круглыя суткі».

Фіны вельмі берагуць прыроду: у іх няма «ні звалак, ні смецця, ні нічога занядбанага».

«Я вось жыву так, што са свайго акна бачу лес. І штодня назіраю, як там бегаюць і зайцы, і лісы, і вавёркі, і вожыкі. Я толькі ў Фінляндыі ўпершыню пабачыў столькі лясных жывёл і не аднойчы, а па некалькі разоў на дзень».

 

Каля дома ў Хельсінкі: арэшкі скончыліся, але вавёрачка патрабуе яшчэ

«Калі кажаш, што ў нас затрымліваюць людзей, то яны перапытваюць: а чаму вы не выклікаеце паліцыю?»

Па словах Кірыла, пасля пратэстаў 2020 года колькасць беларусаў у Фінляндыі павялічылася «на 200%». Да 2020 года тут было каля паўтысячы, а цяпер — паўтары тысячы чалавек. Хоць па прыездзе ў Фінляндыю чалавек «мае справу з вялікай бюракратыяй».

«Да прыкладу, калі я атрымліваў грамадзянства, то чакаў рашэння чатыры месяцы. Цяпер жа гэтая працэдура доўжыцца ад паўтара да двух гадоў.

Даныя Згуртавання беларусаў Фінляндыі

Кірыл з жалем канстатуе, што вельмі часта сустракае неразуменне з боку фінаў, што насамрэч адбываецца ў Беларусі.

«Калі кажаш, што ў нас затрымліваюць людзей, то яны перапытваюць: «А чаму вы не выклікаеце паліцыю, не пішаце заявы»? Калі тлумачыш, што гэта паліцыя і затрымлівае, кажуць: «Як так можа быць? Паліцыя ж проста так не затрымлівае». Яны не могуць зразумець, як гэта магчыма».

У Фінляндыі беларусы гуртуюцца ў таварыства «Беларусы Фінляндыі», кантактуюць і праз сацыяльныя сеткі. Адну з іх суполак, у інстаграме, улады на радзіме днямі прызналі «экстрэмісцкім» рэсурсам.

«Для фінаў гэта штосьці неспасцігальнае. Ці, да прыкладу, запытваюць колькі зарабляюць мае сябры. Кажу, што 300 даляраў, то яны: «Ой, добры заробак!» Кажу, але гэта не за дзень, а за месяц. А яны тады: «Ай, хопіць жартаваць, не прыбядняйся, дрэнны жарт». Кажу, што гэта не жарт і яны не могуць гэтаму паверыць і зразумець».

Кірыл упэўнены: гэтак адбываецца таму, што «фіны выраслі і жывуць у свеце, дзе чалавек найвялікшая каштоўнасць і ніхто не мае права з ім дрэнна абыходзіцца».

Станцыя ратавальнікаў і хуткай дапамогі — былое месца працы Кірыла

«Як выйду на пенсію, то хачу жыць ў доме для састарэлых». Беларуска расказала пра жыццё і працу ў Ісландыі

«На Шпіцбергене забаронена хаваць людзей». Беларуска расказала, як правяла 50 дзён у самым паўночным паселішчы свету

Беларуска пераехала ў Грэнландыю, каб працаваць архітэктаркай. Як яно там? 

Nashaniva.com