Франак Вячорка пракаментаваў справу дэпартаваных са Швецыі беларусаў
Офіс Святланы Ціханоўскай з мінулага тыдня сочыць за справай, звязанай з высылкай на радзіму затрыманага пасля беларускага грамадзяніна і «ўдзячныя «народнай амбасадзе» ў Швецыі за тое, што звярнулі ўвагу на гэты выпадак», заявіў у каментары выданню «Позірк» галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка.
28.08.2024 / 17:50
Франак Вячорка. Фота Офіса Святланы Ціханоўскай
«Цяпер спрабуем высветліць усе абставіны справы, і калі інфармацыя пацвердзіцца, то будзем рабіць усё магчымае, каб не дапусціць паўтарэння такіх сітуацый у будучыні. Мы прапануем увесці мараторый на высылку беларускіх грамадзян у Беларусь», — заявіў Вячорка.
Па яго словах, Офіс звязаўся з прадстаўнікамі шведскіх уладаў па гэтай справе. Такія справы «знаходзяцца ў кампетэнцыі міграцыйнай службы Швецыі, не ўрада», і ў Офісе спадзяюцца «атрымаць больш яснасці неўзабаве», дадаў Вячорка.
«Мы працягваем супрацоўніцтва са шведскімі ўладамі і беларускай дыяспарай у Швецыі ў напрамку спрашчэння легалізацыі для беларусаў, выдачы дакументаў і ДНЖ, дамагліся выдачы праязных дакументаў (пашпартоў іншаземца)», — паведаміў ён.
Вячорка адзначыў, што дзякуючы працы дэмсілаў Беларусі і шведскіх уладаў «нядаўна была змененая ацэнка сітуацыі ў краіны, што павінна дапамагчы з легалізацыяй беларусаў» у краіне:
«На жаль, гэта не вырашыла пытанне прытулку для беларусаў. У першую чаргу, гэта звязана з працай міграцыйнай службы Швецыі, якая часцей за ўсё прымае рашэнні не на карысць беларусаў».
Швецыя дэпартавала ў Беларусь палітычнага ўцекача? Што вядома на гэты момант
Беларуса, якому Швецыя адмовіла ў прытулку, затрымалі на радзіме