Дочкі Кадырава лёталі ў Еўропу па пашпартах на іншае прозвішча

Пра паездкі трох дачок кіраўніка Чачні стала вядома з базы перасячэння межаў, піша «Агенство».

28.08.2024 / 16:04

Рамзан Кадыраў. Скрыншот з відэа ягонай прэс-службы. 22 красавіка 2024 года

Дочкі Рамзана Кадырава Карына, Табарык і Хедзі Кадырава ездзілі ў Еўропу пад іншым прозвішчам.

У 2017 годзе — да таго часу іх бацька ўжо быў пад санкцыямі ЕС — яны лёталі ў Парыж на бізнэс-джэце Кадырава Airbus ACJ319. Усяго на борце, згодна з уцечкай, быў як мінімум 21 чалавек.

Карына, Табарык і Хедзі выкарыстоўвалі пашпарты на прозвішча Мусаева. Пры гэтым у дакументах у іх было імя па бацьку Рамзановна і сапраўдныя даты нараджэння. Усе тры пашпарты, якія выкарыстоўвалі дочкі Кадырава, да гэтага часу лічацца як дзейсныя.

Тады ж на борце была Фаціма Хазуева, другая жонка Кадырава. У Парыж лётала і дачка Хазуевай Ашура, якая выкарыстоўвала дакументы з прозвішчам маці. Кадыраў называе яе дачкой першай жонкі Медні, а з паведамленняў чачэнскіх уладаў вынікае, што яна носіць прозвішча кіраўніка Чачні.

На борце таксама быў начальнік Цэнтра гаспадарчага і сэрвіснага забеспячэння МУС Чачні Раман Сулейманаў, а таксама афіцэр САХР «Церак» Масвар Адалаеў — іх Кадыраў называў «дарагімі братамі».

Яшчэ адна дачка Кадырава Айшат кіруе модным домам Firdaws, які праводзіў паказы ў тым ліку ў Парыжы. Той жа бізнэс-джэт як мінімум аднойчы, у 2020 годзе, лётаў у французскую сталіцу ў дзень паказу Firdaws.

Рамзан Кадыраў трапіў пад еўрапейскія санкцыі яшчэ ў 2014 годзе, у 2017-м яго ўключылі ў санкцыйны спіс ЗША. У 2022 годзе пад еўрапейскія санкцыі таксама трапілі ягоныя дочкі Айшат і Карына, а ЗША ўвялі санкцыі і супраць ягоных трох жонак — Медні Кадыравай, Фацімы Хазуевай, Амінат Ахмадавай, а таксама Firdaws. У 2023 годзе амерыканскія санкцыі ўвялі супраць маці Кадырава Аймані, у 2024 годзе яна трапіла і пад санкцыі ЕС.

Чатыры жонкі Рамзана Кадырава, якія нарадзілі яму 14 дзяцей: хто яны

«Ілан Маск, дон, будзе задаволены». Пакуль кадыраўцы ваююць на Куршчыне, сам Кадыраў ладзіць клаўнаду ў Чачні 

16-гадовы сын кіраўніка Чачні Адам Кадыраў атрымаў найвышэйшую ўзнагароду рэспублікі — ордэн імя Кадырава

Nashaniva.com